Nato.int
Былы генеральны сакратар NATO Андэрс Фог Расмусэн у інтэрв'ю «Польскаму радыё» параіў Беларусі браць прыклад з Грузіі і Украіны ў адносінах з Расіяй.
Паводле яго слоў, імкненне Уладзіміра Пуціна інтэграваць Беларусь у Расію ўяўляе сур'ёзную пагрозу для бяспекі рэгіёну.
«Няма сумненняў у тым, што Пуцін будзе аказваць ціск на Беларусь. Мы ўжо бачылі, як Расія падштурхоўвае мясцовую ўладу размясціць базы і забяспечыць прысутнасць расійскіх сілаў у Беларусі на пастаяннай аснове», — заявіў Расмусэн.
Ён таксама адзначыў, што Беларусь пакуль не дэмакратычная дзяржава, але яе жыхарам варта арыентавацца на вопыт Украіны і Грузіі, каб самастойна вызначаць сваю будучыню.
«Цалкам магчымы рост апазіцыйных сіл, якія маглі б аказаць супрацьстаянне ўладам у Мінску, і гэта адзіны шлях рухацца наперад», — лічыць былы генеральны сакратар NATO.
Ён дадаў, што ў будучыні Мінск мог бы граць важную ролю за кошт геаграфічнага становішча паміж Расіяй і Еўропай. А NATO і ЕС, пры ўмове правядзення ў краіне рэформаў і больш свабоднага грамадства, гатовыя ў перспектыве прыняць Беларусь у свае шэрагі.





