Прыкладна тыдзень таму гомельская актывістка «Маладых дэмакратаў» Алена Луцковіч даведалася, што яе шукае міліцыя па падазрэнні ў крадзяжы ў краме. Відэа выклалі гомельскія праваахоўнікі, а па мясцовым ТБ нават паказалі кароткі сюжэт, прысвечаны «злачынцы».

На відэа відаць, як густоўна жанчына ходзіць з прадуктовым кошыкам па «Еўраопце». Штосьці яна сапраўды перакладвае ці то ў сумку, ці то з сумкі, праўда, кепска відаць, што менавіта. Міліцыя заклікае ўсіх, хто пазнаў жанчыну, паведаміць пра гэта праваахоўнікам.

Луцковіч пацвярджае — так, на відэа сапраўды яна. Але…

«Відэа заўважыла мая мама, — кажа Алена Луцковіч. — Я спачатку хацела пазваніць у міліцыю, высветліць, але я не стала. Бо гэта проста смешна — калі нейкі пікет ці акцыя, то міліцыя ў мяне на ганку адразу. А тут тры месяцы мяне шукаюць і не могуць знайсці. Але міліцыя дакладна ведае хто я, як мяне завуць, ведае і адрас, і мабільны.

Алена Луцковіч, фота з сацсетак 

Алена Луцковіч, фота з сацсетак 

Я не разумею, навошта ім трэба мяне зняславіць на ўвесь раён.

Вось толькі ўчора, калі ўжо абмяркоўвалі гэтае відэа ў сацсетках, мне пазваніў нейкі ўчастковы, ветліва запрасіў даць тлумачэнні. Схаджу, дам тыя тлумачэнні.

Натуральна, нічога я не крала. Па-першае, я і не займаюся такім. А па-другое, у краме ж «пішчалкі» на выхадзе, адтуль ніхто нічога незаўважна не вынесе».

Луцковіч падазрае, што відэа адмыслова так змантавалі. Кажа, у краме былі і іншыя відэакамеры, на якіх лепш відаць, што яна перакладвае. Але запіс з іх не публікавалі.

У гомельскай міліцыі паведамілі, што крымінальная справа яшчэ не заведзеная — пакуль праводзіцца праверка. 

Па словах міліцыянтаў, калі чалавек пазнаў сябе на відэа, то ён можа прыйсці ў аддзяленне і прызнацца ў здзейсненым злачынстве. Калі ж злачынства не было, то грамадзянін можа падаць скаргу на дзеянні праваахоўнікаў у пракуратуру. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?