Фатограф Іна Равяка выйграла суд у ювелірнай сеткі «Царскае золата». Па словах Іны, Вярхоўны суд пастанавіў: адказчык у сваёй рэкламе выкарыстаў фота істца, за што павінен заплаціць Равяка 4533 рублі, паведамляе TUT.BY.
Скрыншот сайта ювелірнай кампаніі з рэкламай
Нагадаем, вясной тэлевядучы «Белтэлерадыёкампаніі» Яўген Перлін пабачыў сваё фота ў рэкламе буйной ювелірнай сеткі. Хоць, як паведамляў шоўмэн, ні на якую рэкламу ён згоды не даваў. Свае прэтэнзіі Яўген накіраваў у МАРГ, а аўтар фота Іна Равяка звярнулася ў суд. Першапачаткова парушэнне аўтарскага права і маральную шкоду яна ацаніла прыкладна ў 9 тысяч рублёў.
— У нас было некалькі пасяджэнняў, — расказвае Іна. — Суд прызнаў, што ювелірная сетка размясціла мой здымак на сваім сайце, у адной з сацсетак, на ўлётках, плакатах і ў вайберы. За што яны павінны выплаціць мне 4533 рублі.
І хоць, кажа суразмоўца, дадзеная сума меншая за заяўленую, дзяўчыну яна цалкам задавальняе.
— Але гэта не зусім фінал, — працягвае Іна. — У нас яшчэ ідзе разбіральніцтва ў судзе Маскоўскага раёна. Хочам, каб іх яшчэ аштрафавалі за выкарыстанне маёй фатаграфіі.