Фота Дар'і Буракінай, Tut.by
Галоўны трэнер ХК «Дынама» Гордзі Дуаер звольнены. Скасаваныя таксама кантракты з трэнерам Сяргеем Стасем, трэнерам Канстанцінам Кальцовым, трэнерам па брамніках Андрэем Кудзіным, трэнерам па фізпадрыхтоўцы Генадзем Лянга і трэнерам-селекцыянерам Юрыем Кузьмянковым, паведамляе прэс-служба клуба.
«Камандзе патрэбныя радыкальныя перамены, таму, сумесна з трэнерамі абмеркаваўшы становішча спраў, мы прыйшлі да аднадушнай высновы, што спыненне супрацоўніцтва з цяперашнім трэнерскім штабам павінна надаць станоўчы імпульс нашай камандзе. Нам неабходна кардынальнае паляпшэнне практычна ўсіх кампанентаў гульні. У такія моманты рэзкія рашэнні апраўданыя, толькі так мы можам нешта змяніць. Пра тое, хто заменіць Гордзі Дуаера і яго асістэнтаў, будзе неўзабаве абвешчана. Новы трэнерскі штаб прыступіць да працы ў найбліжэйшы час, каб падрыхтаваць каманду да матча супраць «Трактара», — пракаментаваў кадравыя змены генеральны дырэктар ХК «Дынама-Мінск» Дзмітрый Баскаў.
Нагадаем, што пасля 25 гульняў «Дынама» займае апошні радок у Заходняй канферэнцыі. У каманды 6 перамогаў і 19 паразаў, прычым серыя з паразаў налічвала 11 матчаў. Год таму «Дынама» не здолела прабіцца ў плэй-оф.
Паводле інфармацыі Tribuna.com, галоўным трэнерам «Дынама» прызначаны галоўны трэнер зборнай Беларусі Андрэй Сідарэнка.





