Галоўная рэдактарка сайта Хартыя'97 Наталля Радзіна дала праграмнае інтэрв'ю самаму папулярнаму літоўскаму інфармацыйнаму рэсурсу Delfi.lt. Прыводзім галоўныя тэзісы яе пазіцыі.

Пра палітычную сітуацыю

«Час Лукашэнкі скончыўся. У «атамана» няма не толькі залатога запасу, у яго наогул няма ніякіх рэсурсаў для падаўжэння улады. Дыктатура, якая выбудоўвалася на працягу 24 гадоў, сёння нагадвае картачны домік. Людзі дыктатара ненавідзяць, стыхійныя пратэсты ўспыхваюць паўсюдна і стабільна некалькі разоў на тыдзень. Відаць, што цярпенне народу на мяжы».

Пра эканоміку

«З-за скарачэння расійскіх датацый нерэфармаваная эканоміка развальваецца: заробкі сёння ў краіне 100—200 даляраў, пенсіі і яшчэ меншыя, цэны надзвычай высокія, беспрацоўе расце, але замест дапамогі людзям у найлепшых савецкіх традыцыях прымаецца закон супраць «дармаедства». Вядома, Беларусь пакуль яшчэ не Венесуэла, але кірунак руху адзін — да немінучага краху».

Пра інфармацыйнае поле

«Катастрафічная сітуацыя. Мазгі беларусаў прамываюць 9 расійскіх тэлеканалаў, расійскія радыёстанцыі, газеты і сайты, якія цяпер плодзяцца, як грыбы пасля дажджу. Лукашэнка ж у адказ знішчае беларускія дэмакратычныя СМІ, якія стаяць на ідэях незалежнасці Беларусі. Яго ўласная «калгасная» прапаганда працуе толькі для ўсхвалення правадыра, адкрыта хлусіць аб узроўні жыцця беларусаў і яе ўжо ніхто не глядзіць, каб не пляваць у тэлевізар. А вось ўплыву рускай хлусні беларусы паддатныя: пуцінская прапаганда больш вытанчаная, заснавана на псіхалогіі і лёгка заражае розумы людзей, якія не атрымліваюць альтэрнатыўнай інфармацыі».

Пра дыялог Еўрасаюза і беларускай улады

«Гэта не дыялог. Гэта размова сляпога з глухім. Гляджу я на гэта вельмі адмоўна. Ні да якіх зменаў у лепшы бок гэта не прыводзіць. Наадварот — праз тое, што захоплены «дыялогам» Захад перастае звяртаць належную ўвагу на парушэнне правоў чалавека ў Беларусі, дыктатарскі рэжым канчаткова расперазаўся. СМІ знішчаюць, прафсаюзных лідараў арыштоўваюць, апазіцыя пастаянна пад прэсам, выбары таксама нахабна фальсіфікуюць. А еўрапейскія чыноўнікі сваімі ваяжамі ў Мінск усё гэтае бязладдзе легітымізуюць. Хоць давайце будзем шчырымі: многія ездзяць сюды не толькі для таго, каб угаворваць састарэлага дыктатара. Праз Беларусь сёння ідуць патокі кантрабанды ў абыход расійскіх і еўрапейскіх санкцый, і некаторыя чыноўнікі з'яўляюцца банальнымі лабістамі інтарэсаў бізнэсу».

Пра АЭС

«Безумоўна, у супрацьдзеянні запуску АЭС у Беларусі Літву сёння павінны падтрымаць усе еўрапейскія краіны. АЭС пры Лукашэнку можа быць страшнейшай за Чарнобыль».

Пра Мюнхенскую канферэнцыю па бяспецы

«У мяне адна аналогія — Мюнхен-1938 і Мінск-2018. І лічбы падобныя, і сутнасць тая ж. Праводзіць такія мерапрыемствы ў дыктатарскай краіне — чарговае паражэнне еўрапейскай палітыкі. Да чаго прыводзіць «супакойванне» дыктатараў, мы ведаем з гісторыі».

Пра Пуціна

«Лукашэнка не ў стане кантраляваць сябе, не тое што сітуацыю. Ён палітычны і эканамічны банкрут. У Расіі гэта ведаюць — адсюль гэтыя пастаянныя размовы пра тое, што Крэмль шукае яму замену. І, сапраўды, гэта можа адбыцца. Але на Беларусі Пуцін можа абламаць зубы. Беларусы будуць супраціўляцца: і ўнутры краіны, і за мяжой. Усё ж такі, дзякуй Богу, не 1938-ы, аншлюс краіны ў цэнтры Еўропы пацягне сур'ёзныя наступствы. Гарантам незалежнасці Беларусі сёння з'яўляюцца праеўрапейскія дэмакратычныя сілы. А ім сёння вельмі патрэбна падтрымка і салідарнасць свету».

***

Нагадаем, Хартыя'97 працуе ў Варшаве. Рэсурс заблакаваны на тэрыторыі Беларусі па рашэнні Міністэрства інфармацыі, але люстэркі сайта даступныя для карыстальнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0