Нядаўна вакол помніка «усесаюзнаму старасту» Міхаілу Калініну з’явілася дзіўная агароджа, якую мінчукі ўжо паспелі ахрысціць «парніком». Высветлілася, што гэта пачалася рэканструкцыя помніка.

Фота - Аляксандар Ханін

Фота - Аляксандар Ханін

На сайце дзяржзакупак можна знайсці тэндары на рэканструкцыю помніка. Аказваецца, аднаўленне савецкага ідала каштуе 134 тысячы беларускіх рублёў. Па сённяшнім курсе гэта каля 62 тысяч даляраў.

Праўда, абодва тэндары скончыліся няўдала. Але высветліць, хто ў выніку займаецца рэстаўрацыяй і чаму яна каштуе так шмат, не атрымалася. У прадпрыемстве «Рэмаўтадор Першамайскага раёна», якое адказвае за рэканструкцыю на пытанні адказваць катэгарычна адмовіліся.

«Наша Ніва» пацікавілася ў Антона Астаповіча, старшыні Таварыства аховы помнікаў, ці ведае ён штосьці пра гэтую рэстаўрацыю.

«Два гады таму я быў сярод удзельнікаў праекта аб рэстаўрацыі помніка, рабіў гістарычную даведку, — паведаміў Астаповіч. — Але навуковы кіраўнік праекту мае прапановы па рэінтэрпрэтацыі помніка адхіліў — я прапаноўваў дадаць шыльду, што Калінін меў дачыненне да масавых палітычных рэпрэсій.

Што тычыцца кошта рэстаўрацыі, то, на жаль, тут я не вялікі спецыяліст. Але кошт будзе вялікі, бо ідзе цалкам рэканструкцыя, пачынаючы ад пастамента. Сам помнік з меднага сплаву, на стыках стальная арматура — ідуць хімічныя працэсы.

Гэты Калінін фактычна згніў. Рэстаўрацыя такіх рэчаў вельмі і вельмі дарагая. Мэтазгоднасць такой рэстаўрацыі — пытанне іншае.

Магу дадаць толькі, што ставілі помнік у канцы 1970-х. Кошт вырабу, мантажу і добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол каштавала больш за 280 тысяч савецкіх рублёў. Для параўнання: у той час каля 6 тысяч каштавала трохпакаёўка у Мінску».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?