Пракуратура Саудаўскай Аравіі запатрабавала пакараць смерцю пяцярых падазраваных у забойстве саудаўскага журналіста Джамаля Хашогі на тэрыторыі генконсульства краіны ў Турцыі. Пра гэта паведамляе Al Arabiya.
Паводле абвінавачвання, нехта з супрацоўнікаў саудаўскага консульства адключыў усе камеры назірання ў момант здзяйснення злачынства. Пракуроры ўпэўненыя, што гэтыя пяцёра падазраваных вынеслі расчлененае цела Хашогі з тэрыторыі консульства.
Прадстаўнік абвінавачвання дадаў, што Саудаўская Аравія папрасіла Турцыю даць каралеўству доказы і аўдыязапісы, якія тычацца гэтай справы. Аднак пракуратура дагэтуль чакае, каб Стамбул выканаў просьбу.
Генпракурор Саудаўскай Аравіі паведаміў, што па справе аб забойстве Хашогі затрыманы 21 падазраваны, афіцыйныя абвінавачванні прад'явілі 11 з іх.





