ЦРУ прыйшло да высновы, што забіць журналіста Джамаля Хашогі ў Стамбуле загадаў наследны прынц Саудаўскай Аравіі Мухамед бен Сальман Аль Сауд. Пра гэта паведамляе The Washington Post са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй.

Паводле інфармацыі выдання, свае высновы ЦРУ зрабіла на аснове некалькіх крыніц. У іх ліку — тэлефонны званок брата наследнага прынца Халіда бен Сальмана (пасла Саудаўскай Аравіі ў Злучаных Штатах), які ён рабіў Джамалю Хашогі. Халід, у прыватнасці, сказаў Хашогі, што той павінен з'явіцца ў консульства Саудаўскай Аравіі ў Стамбуле, каб атрымаць дакументы, і пераканаў яго ў тым, што гэта бяспечна.

Суразмоўцы выдання ўдакладняюць, што застаецца незразумелым, ці ведаў Халід, што Хашогі будзе забіты. Аднак патэлефанаваў ён журналісту па ўказанні свайго брата, ведаюць крыніцы газеты, знаёмыя са званком, які быў перахоплены разведкай ЗША.

Прэс-сакратар пасольства Саудаўскай Аравіі ў Вашынгтоне Фаціма Башэн у гутарцы з WP заявіла, што пасол і Хашогі ніколі не абмяркоўвалі «што-небудзь, звязанае з паездкай у Турцыю». Яна дадала, што «меркаваныя высновы ЦРУ з'яўляюцца непраўдзівымі». «Мы чулі і працягваем чуць розныя тэорыі, не бачачы пацверджання гэтым спекуляцыям», — дадала яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0