Расійскія балярына Анастасія Валачкова і сатырык Віктар Каклюшкін не змаглі адказаць на пытанне аб выдуманым горадзе на праграме «Хто хоча стаць мільянерам», паведамляе lenta.ru
З чатырох гарадоў яны выбралі Слаўгарад, у той час як населеных пунктаў з такой назвай адразу два — у Беларусі і ў Расіі (Алтайскі край). «Далікатны момант для жыхароў Слаўгарада», — пажартаваў у твітары жыхар Барнаула.
Валачкова з Каклюшкіным дайшлі да дзявятага пытання на 50 тысяч рублёў (1 600 беларускіх). Гульцам прапаноўвалася выбраць паміж Міргарадам (горад ва Украіне, у Палтаўскай вобласці), Слаўгарадам, Старгарадам і Белгарадам. Існаванне Старгарада і Белгарада не выклікала сумневаў ва ўдзельнікаў, яны выбіралі паміж двума іншымі варыянтамі і схіляліся да Слаўгарада.
У выніку гульцы папрасілі дапамогі залы. Гледачы прагаласавалі за Слаўгарад. Валачкова з Каклюшкіным прыслухаліся і далі няправільны адказ. Аказалася, што выдуманым варыянтам быў Старгарад.