Жыхар Гродна некалькі разоў спрабаваў размяняць надрукаваныя на прынтары фальшывыя купюры. Пра гэта БелТА паведамілі ў прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама.

У лістападзе ў Гродне былі зафіксаваныя тры выпадкі выяўлення фальшывых купюр. Усе яны былі падобныя: да пацярпелых падыходзіў малады чалавек і прасіў размяняць 100 рублёў.

«3 лістапада ён звярнуўся да індывідуальнага прадпрымальніка на рынку «Паўднёвым». Жанчына пагадзілася, яна перадала невядомаму грошы для размену, а той кінуў фальшывую купюру і паспяшаўся ўцячы», — распавялі ў міліцыі. Праз некалькі дзён ён таксама размяняў грошы ў тытунёвым кіёску. Неўзабаве яшчэ раз паспрабаваў пракруціць такую схему, аднак выклікаў у прадаўца падазрэнне. Выхапіў у яе грошы і ўцёк.

«Да пошуку далучыліся супрацоўнікі міліцыі. У поле зроку праваахоўнікаў трапіў малады чалавек 1997 нараджэння. Ён ужо меў праблемы з законам, а цяпер нідзе не працуе. У падазраванага было выяўлена 6 купюр аднаго наміналу і з аднолькавым серыйным нумарам», — адзначылі ў прэс-службе.

Дома ў яго знайшлі 6 лістоў паперы фармату А4, на якіх былі надрукаваныя выявы старублёвак. Падазраванага затрымалі, ідзе следства.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна