Супрацоўнікі аддзела крымінальнага вышуку Фрунзенскага РУУС Мінска затрымалі 33-гадовага грамадзяніна Германіі, які падазраецца ў здзяйсненні махлярстваў у дачыненні да жыхароў сталіцы і Мінскай вобласці.

Ён знаходзіцца ў рэгіянальным вышуку на тэрыторыі ФРГ, паведаміла БелТА афіцыйны прадстаўнік Фрунзенскага РУУС Наталля Аскірка.

Мужчына прыехаў у Беларусь у лістападзе 2017 года. У Мінску ён адкрыў фірму, якая аказвае паслугі па вырабе хат і лазняў з драўлянага бруса. «Браў перадаплату і свае абавязальніцтвы не выконваў. У міліцыю звярнуліся 15 пацярпелых - жыхароў Мінска і Мінскай вобласці. Папярэдне сума нанесенай шкоды склала больш як 40 тысяч даляраў», - распавяла Наталля Аскірка.

Аператыўнікі высветлілі, што затрыманы іншаземец таксама ўваходзіў у давер да разведзеных адзінокіх жыхарак сталіцы. Знаёміўся ў цырульнях, рэстаранах, гандлёвых цэнтрах. Жанчынам ён абяцаў сумесную шчаслівую будучыню і прасіў пазычыць грошай на бізнэс. У адной з мінчанак ён узяў 6 тысяч даляраў, якія дагэтуль не вярнуў. Іншую папрасіў аформіць на сваё імя тэлевізар у растэрміноўку — нібыта для офіса фірмы. Але, як высветлілася пазней, тэлевізар ён падарыў іншай прыяцельцы.

У дачыненні да затрыманага распачалі крымінальную справу за махлярства. На тэрыторыі ФРГ мужчына падазраецца ў здзяйсненні аналагічных злачынстваў. Праваахоўнікі просяць пацярпелых ад дзеянняў затрыманага паведаміць пра гэта ў Фрунзенскае РУУС асабіста (Мінск, вул.Кальварыйская, 41) або па тэлефонах: 8 (029) 653-17-63, 8 (017) 213-08-25, 8 (017) 207-67-67 або 102. Канфідэнцыйнасць гарантуецца.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна