Японскі аўтамабільны канцэрн Nissan хоча звольніць Карласа Гона з пасады прэзідэнта кампаніі за непраўдзівае ўказанне звестак пра памеры сваіх прыбыткаў, піша bbc.com.

Японскія СМІ паведамляюць, што 64-гадовы Гон арыштаваны, аднак афіцыйнага пацверджання няма.

Карлас Гон - легендарны крызісны менеджар, які здолеў вярнуць прыбытковасць некалькім аўтагігантам. У Японіі Гон - герой коміксаў манга.

Паводле СМІ, следчыя органы ладзяць ператрусы ў офісах Nissan.

У панядзелак раніцай акцыі французскай кампаніі Renault, якая ўваходзіць у альянс Renault-Nissan-Mitsubishi, патаннелі амаль на 15%.

У фінансавых злоўжываньнях Карласа Гона звінаваціў невядомы інфарматар унутры кампаніі.

Як гаворыцца ў паведамленні Nissan, на працягу некалькіх гадоў Гон падаваў у афіцыйных звестках заніжаны памер сваіх «кампенсацыйных выплат» - і ў гэтым яму дапамагаў выканаўчы дырэктар Nissan Грэг Келі (ён нібыта таксама арыштаваны).

Сума выплат, якія кіраўнік канцэрна схаваў ад рэгулятара, паводле некаторых звестак, дасягае 44 млн даляраў.

Рада дырэктараў канцэрна збярэцца ў чацвер для галасавання па пытанні аб звальненні Гона.

Карлас Гон займае пасаду прэзідэнта Nissan ад 2000 года. Ён таксама з'яўляецца прэзідэнтам Renault ад 2005 і ўзначальвае раду дырэктараў Mitsubishi Motors ад 2016 года. У пачатку 2000-х прапанаваная ім праграма жорсткага скарачэння выдаткаў дапамагла вывесці Nissan з глыбокага крызісу.

Карлас Гон нарадзіўся ў 1954 у Бразіліі, у сям'і эмігрантаў з Лівана. Да пяці гадоў, адзначаюць біёграфы, ён ужо ўмеў адрозніваць адну машыну ад іншай па гуку клаксона.

У 6 гадоў Гон пераехаў са сваёй маці ў Бейрут і там наведваў езуіцкую школу.

Пазней Гон выправіўся ў Парыж, дзе вучыўся ў элітных вышэйшых навучальных установах - у тым ліку ў інжынерна-політэхнічным універсітэце. У Гона - французскі пашпарт.

Калі Карласу Гону прапанавалі падумаць пра пост прэзідэнта Лівана, ён адказаў, што ў яго і так ужо занадта шмат пасад.

У апытанні на тэму «Каго б вы хацелі бачыць на чале ўрада», праведзеным у Японіі ў 2011 годзе, Карлас Гон заняў сёмае месца, апярэдзіўшы Барака Абаму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0