Навукоўцы выявілі зорную сістэму, якая ў хуткім часе можа выбухнуць у наймацнейшым гама-ўсплёску, паведамляе Еўрапейская паўднёвая абсерваторыя.

Сістэма складаецца з трох зорак, аточаных віхурай касмічнага пылу. Яе афіцыйная назва — 2XMM J160050.7-514245, аднак з-за звілістых формаў, якія нагадваюць змяю, што скруцілася вакол зорак, астраномы далі ёй і іншае імя — «Апоп». У старажытнаегіпецкай міфалогіі Апоп — велізарны змей, які ўвасабляе хаос, адвечны вораг бога сонца Ра. Неўзабаве «Апоп» можа ўзарвацца ў самай моцнай электрамагнітнай падзеі ў Сусвеце — гама-ўсплёску.

Сістэма складаецца з зорак Вольфа — Рае, для якіх характэрная вельмі высокая тэмпература і свяцільнасць. Некаторыя свяцілы, самыя буйныя, ператвараюцца ў зоркі Вольфа — Рае пад канец свайго існавання. У асноўным гэта кароткая фаза, якая займае некалькі сотняў тысяч гадоў.

«Апоп» вылучае дзівосная хуткасць зорных вятроў у 12 мільёнаў кіламетраў у гадзіну. Гэтыя вятры прывялі да стварэння віхуры вакол зорнай сістэмы. У адрозненне ад вятроў, віхор рухаецца ў павольным тэмпе (менш за два мільёны кіламетраў у гадзіну). Гэты разрыў у хуткасцях, як мяркуецца, з'яўляецца вынікам таго, што адна з зорак у сістэме выпускае адначасова хуткія і павольныя вятры ў розных напрамках.

Астраномы прыйшлі да высновы, што тая зорка знаходзіцца ў стане, блізкім да крытычнага — круціцца так хутка, што практычна раздзірае сябе на часткі. Лічыцца, што такое хуткае кручэнне зоркі Вольфа — Рае прыводзіць да працяглага гама-ўсплёску, калі яе цэнтр выбухае ў канцы жыццёвага цыклу.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна