Жыхарка Горак Алена пасля смерці мужа, хворага на анкалогію, вырашыла пакінуць сабе яго лекі. Скончылася ўсё сумна.
Падрабязнасці распавядае мясцовы партал horki.info.
Муж Алены у 2016 годзе даведаўся, што хворы на рак у 4 стадыі. Пачаў атрымліваць «трамадол» — моцнае абязбольвальнае, якое прыроўнена да псіхатропаў. Дактары выдавалі рэцэпты спачатку мужу, пасля Алене. Жанчыну папярэдзілі: калі муж не выжыве, лекі, якія застануцца, абавязкова трэба вярнуць у бальніцу.
У канцы года муж сканаў. Але Алена частку лекаў выкінула, а «Трамадол» вырашыла пакінуць сабе. Выкарыстоўвала яго, каб зняць боль у нагах.
Нават прапаноўвала пачаставацца сваячцы, праўда, тая адмовілася. Выкарыстоўвала Алена і таблеткі, і нават ампулы.
Але ўжо ў красавіку 2017 года да жанчыны завітала міліцыя — сям’ю жанчыны правяралі, бо Алена мела праблемы з алкаголем і сям’я лічылася ў сацыяльна небяспечным становішчы. Падчас адной з такіх праверак і заўважылі пустую ампулу ў сметніцы.
Агулам у Алены знайшлі 60 ампул і 210 таблетак «Трамадола», а таксама «Дэксаметазон».
Жанчыну затрымалі і судзілі. На судзе яна сцвярджала, што не ведала ніякіх правілаў абыходжання з падобнымі медыцынскімі рэчывамі.
У выніку траіх дзяцей у жанчыны забралі. Саму яе асудзілі на 2 гады калоніі агульнага рэжыму. У калоніі жанчыну будуць прымусова лячыць ад алкагалізму.