У межах праекта «Развіццё Кастрычніцкага эканамічнага форуму» было праведзена сацыялагічнае апытанне, прысвечанае каштоўнасцям і поглядам беларусаў. У ім паўдзельнічала каля тысячы чалавек — традыцыйная выбарка для Беларусі.

Ілюстрацыйны здымак. Фота Сяргея Гудзіліна.

Ілюстрацыйны здымак. Фота Сяргея Гудзіліна.

Даследаванне было праведзена кампаніяй MIA Research у маі-чэрвені 2018 года.

Частка апытання была прысвечаная беларускай мове. Амаль 66% рэспандэнтаў хочуць, каб іх дзеці ведалі беларускую гэтак жа добра, як і рускую (адпаведна, 34% — не хочуць).

Вартая ўвагі прапорцыя 86% — 14%, яна сустракаецца ў трох пытаннях запар.

86% апытаных лічаць, што беларуская мова — важная частка культуры, якую абавязкова трэба захаваць. Столькі ж чалавек кажуць, што ганарацца Беларуссю. І столькі ж гатовыя змагацца за сваю краіну ў выпадку вайны.

Адпаведна, 14% не ганарацца Беларуссю, не гатовыя змагацца за краіну і лічаць нацыянальную мову памерлай.

Праўда, толькі 2,2% размаўляюць дома толькі на беларускай. Яшчэ каля 22% — ці на дзвюх мовах ці на іх сумесі, а большасць — 73% — па-руску.

Праблемамі сучаснай Беларусі большасць назвала рост цэнаў, нізкі ўзровень даходаў, алкагалізм, беспрацоўе, кошты на жыллё і паслугі ЖКГ.

Цікава, што, каб стаць багатым беларусам, апытаныя лічаць, трэба мець не толькі розум ці любоў да працы, але і патрэбныя сувязі.

Палова апытаных за апошнія тры гады ні разу не была за мяжой.

Грамадскага ганьбавання, на думку беларусаў, заслугоўваюць перадусім хатні гвалт і наркаманія. Але не толькі яны, а яшчэ і гомасэксуалізм (55%) і аборты (33%).

Пры гэтым 78% апытаных лічаць сябе праваслаўнымі (5,6% — каталікі). Праўда, безумоўна вераць у бога толькі 36%, яшчэ 26% хутчэй вераць, але маюць сумневы.

Нарэшце, ходзяць у царкву хаця б раз на месяц толькі 15% апытаных.

Абсалютная большасць рэспандэнтаў паведаміла, што яны хутчэй шчаслівыя (68%) ці нават вельмі шчаслівыя людзі (19%).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?