Фота з фэйсбука Дзмітрыя Гурневіча.

Гэта было і першае алкагольнае атручванне і параза ў шоў-бізнэсе. Мо 2004 год. Нагадаў гэты ўспамін распад «Крамы» ў складзе, які я ведаў і любіў. Асабістая драма і дэжа вю. Гэты ўспамін некалі наганяў на мяне страх, а цяпер грэе сэрца, што хоць так было. Я быў адным з арганізатараў першага і, здаецца, апошняга канцэрту «Крамы» ў Варшаве. Такое немагчыма забыць.

Мы з сябрамі вырашылі зладзіць іх выступ проста таму, што вельмі любілі «Краму» і хацелі самі паслухаць, і іншым паказаць. Але гэта каштавала нямала. Я быў студэнтам, але акурат пасьля першай паездкі ў ЗША на летні заробак. Уклаў у гэта, здаецца, 700 даляраў. Спадзяваўся, што вернецца. Мы дамовіліся зь вельмі крутым клубам у самым цэнтры гораду, самі раздавалі ўлёткі на вуліцы, рэклямавалі, нават у адной з газэтаў артыкул зьмясьцілі, выканалі ўсе ўмовы музыкаў. І вось мы стаім у той дзень, чакаем натоўпаў, я нават касьцюм адзеў. А ідзе даволі рэдзенькі натоўп, у выніку ў клюб набілася больш за 100 чалавек. Мы чакалі сотняў.

Стрэс я і яшчэ адна арганізатарка, жонка іншага арганізатара, здымалі, назавем гэта, кактэйлем. Зьнялі мы яго эфектна. «Кактэйля» не было шмат, або атручаньне, або нехта сурочыў. Сябры мяне эвакуавалі на таксоўцы дахаты. Узгадваю толькі словы таксіста, які мяне пабачыў «О, ку…ва, пане, някепская імпрэза была». Сярод ночы мяне разбудзілі гукі перамоваў таксістаў. «Ядэ на Жолібож, пшыймуе злецэне». Матка Боска, дзе я? Не, я быў дома. Гэта былі ўключаныя рацыі ў плецаку, па якіх мы мусілі перамаўляцца, каб натоўп, тысячы і тысячы, уваходзячы, не зьнішчылі клуб. Рацыя ўвайшла на частату таксі. Я так ляжаў хіба 3 гадзіны, слухаў іх перамовы і шкадаваў, што жыву.

Параза была ня толькі ў тым, што я вярнуў усяго 300 даляраў. Я не пачуў і не ўбачыў тады «Краму». Уявіце, вы плоціце за квіток на канцэрт 400 даляраў і вас неўзабаве таксоўкай адвозяць дадому. Крыўдна, праўда? І вось цяпер крыўдна гэтак жа, як і тады.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру