14 лістапада на офісе Таварыства беларускай мовы адбыўся сход ініцыятыўнай групы па стварэнні Арганізацыйнага камітэта па ўсталяванні помніка беларусам — праведнікам народаў свету, людзям, якія ратавалі яўрэяў падчас Халакосту.

У часы Другой сусветнай вайны ў Беларусі загінула больш за 800 тысяч яўрэяў (не толькі з Беларусі, але і прывезеных з іншых краін Еўропы). Выжыла толькі каля 30 тысяч, і ў большасці выпадкаў — дзякуючы неабыякавасці жыхароў нашай краіны, якія, рызыкуючы сваімі жыццямі і жыццямі сваіх блізкіх, хавалі і ратавалі яўрэяў. Па колькасці Праведнікаў народаў свету Беларусь займае 8-е месца ў свеце: на пачатак 2018 г. гэтае званне атрымала больш за 900 чалавек (42 з іх жывыя). Відавочна, задакументаваць удалося далёка не ўсе выпадкі, іх значна болей.

Але дагэтуль у Мінску няма ніводнага помніка, які б сведчыў пра гераізм і ахвярнасць жыхароў нашай краіны. І выправіць гэтую гістарычную несправядлівасць яшчэ не позна.

Дзеля гэтага створаная ініцыятыўная група, у якую ўвайшлі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і абшчын, Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна, Беларускі саюз мастакоў і Беларускі саюз дызайнераў.

Меркаванне на сходзе было аднадушнае: ушанаванне памяці мусіць быць супольным клопатам грамадскасці і дзяржавы. Таму ініцыятыўная група заклікае грамадскія непалітычныя арганізацыі і ініцыятывы далучыцца да стварэння Арганізацыйнага камітэта па ўшанаванні памяці Праведнікаў народаў свету з Беларусі.

Падаць заяўку на ўваходжанне ў Арганізацыйны камітэт можна да 28 лістапада, запоўніўшы анкету. Да моманту абрання старшыні Арганізацыйнага камітэта каардынуе працу ініцыятыўнай групы Алена Анісім, старшыня ТБМ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?