«Знакамітасць? Я сябе ёй не адчуваю. Жыву такім самым жыццём, як і раней, — трэніроўкі і работа па раскладзе», — кажа Яўген Лось, пажарны-ратавальнік з Бабруйска. У лістападзе ён трапіў у Кнігу рэкордаў Гінеса. За хвіліну хлопец змог адціснуцца на брусах 67 разоў з дадатковай вагой 18,2 кілаграма. Піша газета «Звязда». 

Па першай адукацыі Яўген — тэхнік-электрык. Скончыў каледж, два гады адпрацаваў на будоўлі. І сышоў: не яго гэта. Будучую прафесію хлопец захацеў звязаць са спортам. Паступіў на факультэт фізічнага выхавання БДПУ імя Максіма Танка. А ў 2012 годзе прыйшоў у пажарную часць — па экстрым і працу на карысць грамадства.

Свой першы выклік выразна памятае дагэтуль:

— Я тады яшчэ курсантам быў, «на тэлефоне» сядзеў. Прыйшло паведамленне: пажар на вуліцы Чапаева. Быў позні вечар, мы аддзяленнем выехалі на месца, а там дом гарыць адкрытым полымем, шыфер страляе. Я глядзеў на калег — для іх гэта была звычайная справа, яны не мітусіліся. А ў мяне эмоцый «вышэй даху», столькі лішніх рухаў было… Бегаў, ва ўсіх пытаўся, што мне рабіць, што браць.

Досвед прыйшоў хутка. Як і звычка быць заўсёды напагатове, нават у штодзённым жыцці. Праўда, жонка і бацькі за Жэню ўсё роўна хвалююцца, таму пасля выклікаў ён заўсёды перазвоньвае родным, каб сказаць, што ўсё добра.

Спортам хлопец займаецца яшчэ са школьных гадоў. Хадзіў з сябрамі на турнікі, вучыўся выконваць трукі.

— Мы глядзелі на старэйшых хлопцаў, якія ўжо адслужылі ў арміі, рабілі на пляцоўцы крутыя элементы, былі фізічна развітыя, класна выглядалі, і хацелі быць падобнымі да іх, — прызнаецца Яўген. — Турнікі выбралі, бо гэта даступна. Тады яшчэ не так шмат трэнажорных залаў было. Дый цікава прыйсці кампаніяй, у тую ж «лесвіцу» пагуляць — хто больш зробіць. Такі азарт! Сам не заўважаеш, як, спаборнічаючы, на новы ўзровень выходзіш.

У 2014 годзе Яўген Лось паставіў рэкорд Беларусі — адціснуўся 26 разоў з 48 кілаграмамі дадатковай вагі на поясе. «У дадзены момант на трэніроўцы раблю больш за трыццатку, — заўважае. — Прыемна бачыць прагрэс».

Спортам хлопец займаецца кожны дзень. Стаўку робіць на аб'ёмныя трэніроўкі (гэта значыць, з вялікай колькасцю падыходаў і паўтарэнняў). Заняткі на развіццё сілы цягнуцца 40 хвілін, на сілавую вынослівасць — дзве-тры гадзіны. На мінулым тыдні, напрыклад, падчас такой прагонкі Яўген з гірай 24 кілаграмы падцягнуўся 250 разоў.

За два тыдні да спаборніцтваў атлет збаўляе тэмп, а за тыдзень наогул перапыняе трэніроўкі. Не ляжыць на канапе — аддае перавагу актыўнаму адпачынку. Ходзіць у басейн, парыцца ў лазні, гуляе ў тэніс.

Замахнуцца на месца ў Кнізе рэкордаў Гінеса Яўген вырашыў пасля таго, як туды трапіў яго сябар спартсмен Максім Труханавец.

— Мне стала цікава, зайшоў на сайт, паглядзеў, якія там ёсць рэкорды ў маім сілавым кірунку. Убачыў, што ёсць некалькі дасягненняў, якія магу пабіць з мінімальнай падрыхтоўкай, — расказвае хлопец.

Для сябе ён выбраў адцісканні на брусах з дадатковай вагой 40 фунтаў (каля 18,2 кілаграма). Папярэдні рэкорд быў 49 разоў.

Яўген зарэгістраваўся на сайце ў сакавіку. Адказ атрымаў праз тры месяцы — з поўным пералікам усіх умоў і дакументаў, якія трэба будзе перадаць камісіі. Хлопец прызнаецца: самым складаным для яго аказаліся менавіта арганізацыйныя моманты. Так, напрыклад, рэкорд павінны фіксаваць два хранаметрысты, два суддзі (спецыялісты з вышэйшай адукацыяй, сертыфікаваныя ў сферы фізкультуры і спорту), тры камеры: спераду ад атлета, збоку і ззаду.

Да спробы бабруйчанін рыхтаваўся каля двух тыдняў. Дадатковая вага для яго аказалася не надта вялікай, але раней ён не адціскаўся з заплечнікам (толькі з гірай ці поясам), таму трэба было адаптавацца. Першы, у адрозненне ад іншых уцяжарвальнікаў, крыху змяшчае цэнтр цяжкасці, і выконваць практыкаванне з ім складаней.

Спроб у Яўгена было тры. Першы раз за хвіліну ён паспеў адціснуцца 56 разоў. Ужо добры вынік, але сябры запэўнівалі: ты можаш лепш. І нездарма. На трэці раз хлопец зрабіў на 11 паўтарэнняў больш.

Пасля таго як відэа і ўсе дакументы былі адпраўлены, чакаць пацвярджэння давялося тры месяцы. Гэта яшчэ самы хуткі варыянт для бясплатнай заяўкі. Каб паскорыць працэс, трэба заплаціць каля тысячы долараў, — тады запыт разгледзяць на працягу пяці працоўных дзён. А за дзесяць тысяч долараў камісія сама прыляціць да вас дадому.

Пападанне ў Кнігу рэкордаў Гінеса не мае на ўвазе грашовых выплат. Але, лічыць Яўген, гэта вельмі ганарова — аказацца ў спісе самых-самых.

— А што, калі ваш рэкорд паб'юць?

— Давядзецца паставіць наноў, — усміхаецца хлопец у адказ. — Ёсць яшчэ парачка рэкордаў, якія магу пабіць, але загадваць не буду. Патрэбны час, каб падрыхтавацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?