У суботу, 24 лістапада, у Слуцку адбудзецца мітынг, прысвечаны 98-й гадавіне Слуцкага збройнага чыну. У ранейшыя гады збор удзельнікаў пачынаўся ў 14:30, але ў гэты раз пачатак мерапрыемстваў быў перанесены на 11:00 праз правядзенне ў гэты дзень футбольнага матча «Слуцк» — «Іслач», які мусіў распачацца а другой гадзіне.
Але ўчора на афіцыйным сайце ФК «Слуцк» з’явілася навіна аб пераносе гульні ў Бабруйск з расплывістай фармулёўкай «праз магчымыя неспрыяльныя ўмовы надвор’я». Гэта адразу выклікала хвалю абурэння сярод заўзятараў — замест апошняй хатняй гульні яны атрымалі выязны матч.
Варта адзначыць, што паводле рашэння слуцкіх уладаў у горадзе вызначаныя толькі два месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў: гэта гарадскі парк і гарадскі стадыён, што месціцца якраз у парку.
Удзельнікі акцыі маюць сабрацца на паркоўцы стадыёна, пасля чаго калонай рушыць у парк, дзе пройдзе мітынг. Мерапрыемства мусіць завяршыцца ў 12:30. Пасля чаго ў Доме культуры адбудзецца святочны канцэрт.
Мітынг 2017 года. Удзельнікі выходзяць з паркоўкі стадыёна. На фоне відаць адміністрацыйны будынак стадыёна, справа знаходзіцца гарадскі парк.
Ці звязаны перанос футбольнай гульні з правядзеннем акцыі і магчымым перасячэннем удзельнікаў мітынгу з удзельнікамі матча і футбольнымі заўзятарамі?
У мінулыя гады надвор’е не замінала правядзенню футбольных матчаў у Слуцку ў канцы лістапада. У 2014 годзе апошнюю гульню на «Гарадскім» згулялі 23 лістапада, у 2015 — 21 лістапада, у 2016 — 19 лістапада, летась — 18 лістапада.
23.11.14. Гульня на стадыёне ў Слуцку. Ужо ляжаў снег, але гэта не замінала правядзенню матча. Фота ФК «Слуцк».
Ніякіх катаклізмаў гэтай восенню ў горадзе не было, і ў бліжэйшы час нічога горшага за мокры снег у Слуцку не чакаецца.
Прагноз надвор'я ў Слуцку і Бабруйску з сайта pogoda.by.
Сітуацыя як мінімум парадаксальная. Раней улады выкарыстоўвалі любыя нагоды для адмены мерапрыемстваў. Цяпер жа пераносіцца матч, каб не замінаць акцыі?
У аддзеле ідэалагічнай работы Слуцкага райвыканкама ніяк не каментуюць пераносу футбольнай гульні. Футбольны клуб спасылаецца на ўмовы надвор’я і немагчымасць правядзення матча на натуральным газоне — у Бабруйску гульня пройдзе на сінтэтычным полі.





