Страты ад дзейнасьці галоўнага рэдактара TUT.BY ацанілі ў 10 тысяч рублёў, але абвінавачаньне ў несанкцыянаваным доступе зьнялі, піша радыё «Свабода».
Сьледчы камітэт вінаваціць галоўнага рэдактара TUT.BY Марыну Золатаву ў «бязьдзейнасьці адказнай асобы». Цяпер ёй пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Гэты артыкул «цяжэйшы», чым у іншых 14 фігурантаў «справы БелТА».
Абвінавачаньне ў незаконным доступе да інфармацыі з галоўнага рэдактара Tut.by зьнялі. Але страты ад яе дзейнасьці ацанілі ў 10 тысяч рублёў. Гэта тыя заходы на БелТА, якія не ўдалося ідэнтыфікаваць — каму канкрэтна з падначаленых Золатавай яны належаць.
Як распавяла Свабодзе Марына Золатава, магчымасьці перавесьці яе справу ў адміністратыўную не было, бо да сёньня ёй не было высунутае абвінавачаньне.
«Сьледзтва яшчэ працавала з матэрыяламі, таму высунулі абвінавачваньне толькі сёньня. Ці перавядуць і маю справу ў адміністратыўную, невядома, бо гэта ж не ад мяне залежыць. Мой допыт сёньня доўжыўся больш за 3 гадзіны».