«Раптоўна пачалі дапамагаць, але ніхто не можа вызначыць, хто з іх галоўны і як выбудаваць план дзеянняў. Вось так і жывем мы гэтыя дзевяць дзён», — расказала Любоў Сукора пра рэакцыю, якую выклікала яе гісторыя.

Дачка Любові Данілаўны Вольга пайшла на аперацыю, каб выправіць прыкус, але раптоўна ўпала ў кому. І ніхто не ведае, чаму так здарылася. З таго дня прайшло ўжо шэсць гадоў, свядомасць да Вольгі так і не вярнулася.

Яе мама, Любоў Данілаўна ў свае 76 гадоў кожны дзень выконвае адныя і тыя ж дзеянні: памыць, пакарміць, змяніць пасцель і памперс, вырвацца ў краму ці аптэку і пабегчы дадому.

Воля, малодшая дачка, нарадзілася, калі Любові Данілаўне было 37 гадоў. Дзяўчынка расла паслухмяная і вельмі ранімая.

«Я ніколі не магла павысіць на яе голас, інакш адразу слёзы, — успамінае. — Яна добра вучылася, скончыла сярэднюю школу з залатым медалём, а таксама музычную: грала на цымбалах, фартэпіяна, гітары. Асабліва ўсе заслухоўваліся, калі яна выконвала паланез Агінскага».

Затым Воля паступіла ў інстытут імя Сахарава. Стала цытолагам, працавала ў 9-й мінскай клінічнай бальніцы і ў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

«Воля ўсё казала: «Я не магу нармальна жаваць». Аказваецца, верхнія зубы ў яе заходзілі ўнутр ніжніх. Ужо потым яе калегі мне распавялі, што часам у яе закліноўвала сківіцу, і тады яна задыхалася. Дачка пракансультавалася ў доктара ў БелМАПА, дзе працавала, той сказаў: «Аднойчы ты закрыеш рот і раскрыць яго ўжо не зможаш».

Так Воля вырашылася на аперацыю.

Пазней экспертныя камісіі дадуць заключэнне: з 12.20 па 12.35 за пацыенткай Вольгай Сукорай адсутнічаў медычны кантроль.

Што адбылося за гэтыя 15 хвілін і ці адбылося менавіта ў гэты прамежак, ніхто Любові Данілаўне сказаць не змог. Ёй паведамілі толькі факт: у Волі раптоўна наступіла кіслароднае галаданне мозгу, яна перажыла клінічную смерць.

Следства доўжылася 8 месяцаў.

«Следчы казаў: «Я вам абавязкова дапамагу». А потым усё адкацілася назад і высветлілася, што вінаватых няма. Вінаватая Воля, што пайшла на гэтую аперацыю».

«Мне адразу сказалі: ніякай надзеі, Воля не адновіцца, — працягвае Любоў Данілаўна. — Але надзея памірае апошняй. У мяне такое адчуванне, што мы з дачкой памром ў адзін дзень. Калі са мной нешта здарыцца, то Волі ніхто не зможа дапамагчы. Бо ёй трэба адкатваць макроту. А калі не адкаталі — усё. Я ўжо нават ключ ад кватэры пад дыванок паклала».

За некалькі дзён пасля публікацыі Любоў Данілаўну літаральна завалілі лістамі. Пісалі і прапаноўвалі дапамогу дактары, бізнесмены, праграмісты і журналісты. Прапаноўвалі дапамогу грашовую і фізічную. Прысылалі лекі і прадукты.

Прыехаў да Любові Данілаўны і міністр аховы здароўя Валер Малашка. Абяцаў, што Вользе будуць даваць бясплатнае энтэральнае харчаванне. Намеснік міністра па працы і сацыяльнай абароне Аляксандр Румак прыязджаў двойчы. Дзякуючы яму ў Вольгі з’явілася сядзелка.

Любоў Данілаўна разумее, што такая хваля ўвагі не вечная. Таму акуратна складвае прывезеныя прадукты на балконе, у розуме прыкідваючы, на колькі ёй гэтага хопіць…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?