Анатоль Сівак прызначаны старшынёй Мінгарвыканкама. Раней ён быў міністрам транспарту і камунікацый.

Ад пасады вызвалены Андрэй Шорац.

Анатоль Сівак. Фота Вольгі Шукайла, Tut.by

Анатоль Сівак. Фота Вольгі Шукайла, Tut.by

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Сіваку трэба аператыўна ўвайсці ў курс справы, разабрацца з кадравымі пытаннямі. «Калі не ў горадзе, то ў самым гарвыканкаме. Праз тры тыдні падрыхтуйце маё наведванне актыву горада ў гарвыканкаме — дэпутаты, кіраўніцтва — усе тыя, хто вызначае твар горада, жыццё ў сталіцы Беларусі. Мне трэба сур'ёзна пагаварыць з апаратам, з выканкамам. У мяне вельмі шмат прэтэнзій і вельмі шмат пытанняў не толькі да былога кіраўніцтву на чале з Шорцам, але і да саміх членаў выканкама — работнікаў апарата».

Лукашэнка заявіў, што разглядалася больш за дзясятак кандыдатур на пасаду новага кіраўніка горада. «І гэта не сёння вырашаецца пытанне, яно ўжо даўно паўстала», — адзначыў ён.

Па словах Лукашэнкі, перавага Сівака — тое, што ён працаваў памочнікам па Мінску: «Павінен сказаць — быў эфектыўным памочнікам, інспектарам па кадрах з усіх тых, якія працавалі пасля і да яго. Гэта, напэўна, асноўны матыў і фактар. І што яшчэ імпануе асабіста мне — гэта высокая адказнасць за даручаную справу. Таму я вельмі спадзяюся, што вось гэтае пачуццё высокай адказнасці за даручаную справу, выканаўчасць, чаго нам вельмі не хапае на ўсіх узроўнях, нікуды не знікнуць, і Мінск набудзе добрага гаспадара».

Што тычыцца Андрэя Шорца, яму знойдуць новую пасаду. «Дадаць так, як гэта трэба, ён не можа. Я гэта адчуваю. Таму мной прынята рашэнне аб пераводзе яго на іншую працу», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

***

Анатоль Сівак.

Нарадзіўся 19 ліпеня 1962 года ў вёсцы Завайць Нараўлянскага раёна.

Скончыў Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту (1986), Акадэмію кіравання (1998).

У 1986-2002 гадах працаваў на розных пасадах у Дарбудмантажтрэст Беларускай чыгункі. У 2002-2006 гадах быў намеснікам начальніка Беларускай чыгункі. У 2006-2009 гадах быў памочнікам Лукашэнкі па Мінску.

У 2009-2012 гадах — начальнік Беларускай чыгункі. У 2012-2018 гадах — міністр транспарту і камунікацый.

У лістападзе 2018 года прызначаны старшынёй Мінгарвыканкама.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0