Старшынёй Мінгарвыканкама стаў экс-міністр транспарту Анатоль Сівак. «Наша Ніва» сабрала некалькі фактаў пра новага кіраўніка сталіцы.

Анатоль Сівак. Фота Вадзіма Заміроўскага, Tut.by

Анатоль Сівак. Фота Вадзіма Заміроўскага, Tut.by

Не карэнны мінчук

Нават зусім не карэнны. Сівак нарадзіўся ў вёсцы Завайць. Адсюль 10 кіламетраў да Нароўлі і 30 км да ўкраінскай мяжы.

Завайць не ўваходзіць у адселеную зону, гэта аграгарадок. Але да Чарнобыля тут былі пад 900 чалавек, цяпер — добра калі 300.

Сівак з’ехаў з малой радзімы адразу пасля сканчэння школы, але наведваецца ў родную вёску. Тым больш цяпер гэта стала трэндам і дзяржаўнай палітыкай.

«Тут атрымліваеш магутнае энергетычнае падсілкоўванне. Тут свая зямля, прырода, людзі. Тут адпачываеш душой. Патрэба прыехаць сюды, пахадзіць па пяску, проста пабыць тут, існуе. Гэта я спрабую прышчапіць і сваім дзецям, каб яны ведалі свае карані. Гэта жыццёвая аснова», — расказваў ён, пасадзіўшы дрэвы на суботніку.

фота «Прыпяцкай праўды» 

фота «Прыпяцкай праўды» 

Зрабіў кар’еру ў чыгуначнай сістэме

Амаль уся кар’ера Сівака круцілася вакол чыгункі. Ён скончыў Інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту (цяпер — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту) і патрапіў у сістэму Дарбудмантажтрэста. Працаваў будаўнічым майстрам у Брэсце, пасля інжынерам у Магілёве. Яшчэ ў савецкі час патрапіў у Мінск.

У 2002—2006 Сівак быў намеснікам начальніка Белчыгункі, а ў 2009-2012 — узначальваў Белчыгунку.

У прамежак паміж гэтымі пасадамі ён паспеў папрацаваць памочнікам Лукашэнкі па Мінску. Гэта і паспрыяла цяперашняму прызначэнню на пасаду мэра сталіцы. Лукашэнка часта абірае кіраваць рэгіёнамі тых, хто раней быў памочнікам-інспектарам.

Час буйных інфраструктурных праектаў

Калі Сівак узначальваў Міністэрства транспарту (2012-2018) у Беларусі было рэалізавана шмат інфраструктурных праектаў — за кітайскія грошы абнаўляліся трасы з Мінска ў абласныя гарады, была пабудавана МКАД-2. Прычым гэтыя будоўлі пераважна заканчваліся своечасова, без вялікіх спазненняў.

Сівак як чыгуначнік імкнуўся надзяляць больш увагі «свайму» віду транспарту. І Белчыгунка сапраўды абнаўлялася і ўдасканальвалася.

А вось з іншымі, асабліва авіяперавозкамі, усё было не настолькі вясёлкава. У прыватнасці, мінскі аэрапорт так і не разросся да рэгіянальнага хаба.

Лаўкосты ў Беларусь так і не прыйшлі — краіна застаецца адзінай у Еўропе, куды не лятаюць танныя авіякампаніі. Але складвалася адчуванне, што міністру Сіваку яны былі не надта і патрэбныя. Ён дэклараваў спадзеў, што пачнецца развіццё беларускіх рэгіянальных авіякампаній, але ініцыятыва апынулася правальнай.

Быў за крок да адстаўкі

У красавіку 2018 года Лукашэнка фактычна анансаваў адстаўку Сівака. Яму магло дастацца за карупцыю ў транспартнай сферы. У той час за хабар быў затрыманы дырэктар дэпартамента па авіяцыі Уладзімір Косцін. 

«У сістэме Мінтранса ўсё часцей узнікаюць пытанні карупцыйных праяў, — заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы з пасланнем да народа і парламента. — Неабходна самым кардынальным чынам навесці там парадак, прычым раз і назаўжды. Я шчыра скажу, што ўжо блізкі да таго, каб Сівака адправіць туды ж, куды міністра лясной гаспадаркі. І прама кажу, што ваша міністэрства самым жорсткім чынам знаходзіцца ў цэнтры ўвагі праваахоўнай сістэмы ў цэлым. Дзейнічайце!»

Сівак прызнаўся, што тая заява Лукашэнкі стала для яго шокам. Як і сам факт карупцыі ў сферы авіяцыі.

Пабудаваўся ў «чыгуначным» доме

Сівак як міністр транспарту не мог прэтэндаваць на ўчастак у Драздах. Зрэшты, яму цалкам хапае пяціпакаёвай кватэры плошчай каля 110 м2 непадалёку ад цэнтра Мінска, на вуліцы Варанянскага.

Панарама «Яндэкса». На першым паверсе крама «Дарорс», якая належыць Белчыгунцы, зверху — кватэры чыгуначнікаў.

Панарама «Яндэкса». На першым паверсе крама «Дарорс», якая належыць Белчыгунцы, зверху — кватэры чыгуначнікаў.

У канцы 1990-ых Беларуская чыгунка будавала тут карпаратыўны дом. Сівак тады быў топ-менеджарам Дарбудмантажтрэста.

Цэны на нерухомасць тады былі зусім іншыя, Сіваку было дастаткова ўзяць крэдытныя $12 тысяч у эквіваленце. Магчыма, апошнія капейчыны ад той шматкроць дэвальваванай сумы ён сплачвае і дагэтуль.

***

Анатоль Сівак

Нарадзіўся 19 ліпеня 1962 года ў вёсцы Завайць Нараўлянскага раёна.

Скончыў Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту (1986), Акадэмію кіравання (1998).

У 1986-2002 гадах працаваў на розных пасадах у Дарбудмантажтрэст Беларускай чыгункі. У 2002-2006 гадах быў намеснікам начальніка Беларускай чыгункі. У 2006-2009 гадах быў памочнікам Лукашэнкі па Мінску.

У 2009-2012 гадах — начальнік Беларускай чыгункі. У 2012-2018 гадах — міністр транспарту і камунікацый.

У лістападзе 2018 года прызначаны старшынёй Мінгарвыканкама.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?