Экіпажы ўкраінскіх караблёў, якія чакаюць магчымасці пераплыць Керчанскі праліў, знаходзяцца ў баявой гатоўнасці і гатовыя да магчымай высадкі расійскага дэсанту.

Пра гэта заявіў камандуючы Ваенна-марскіх сіл Украіны Ігар Варончанка ў Адэсе, паведамляе радыё «Свабода».

«Нашы экіпажы бранякатара знаходзяцца ў баявой гатоўнасці і гатовыя да магчымай высадкі (расейскага - рэд.) дэсанту», - сказаў ён.

Чытайце: Канфлікт у Керчанскай пратоцы: Украіна скіравала ў падтрымку сваім караблям два артылерыйскія катары, Расія падняла ўдарныя верталёты

Варончанка ацаніў абстаноўку каля Керчанскага праліва як «складаную і напружаную».

Паводле яго слоў, цяпер цяжка спрагназаваць, колькі часу ўкраінскім караблям прыйдзецца чакаць магчымасці перасекчы Керчанскі праліў.

У той жа час ён абверг заявы Расіі аб тым, што гэтаму перашкаджае расійскае судна, якое нібыта села на мель.

Фота «Керчь Инфо».

Фота «Керчь Инфо».

«Яны дзейнічаюць так, як дзейнічалі ў 2014 годзе ў бухце Донузлаў у Крыме, калі тапілі свае расійскія караблі, і нашы караблі не маглі прайсці. На гэты час ні з правага, ні з левага боку мы прайсці не можам», — параўнаў адмірал.

Паводле яго звестак, цяпер у раёне Керчанскага моста знаходзяцца восем караблёў Расіі - два судны Чарнаморскага флота і шэсць катараў памежнай службы ФСБ.

Разам з тым, падкантрольнае Крамлю выданне «Весці Крым» паведамляе, што пад Керчанскім мостам, перакрытым для руху судоў, прайшло некалькі расійскіх караблёў.

«Расійскія буксіры «прыцягнулі» да Крымскага моста сухагруз. Развярнулі яго ўпоперак фарватару, тым самым цалкам перакрыўшы рух любых судоў. На рэйдзе стаяць некалькі караблёў ВМФ Расіі. На некалькі хвілін сухагруз прыбралі, пад мостам, у бок Азоўскага мора, прайшлі катары берагавой аховы Расіі, і сухагруз зноў перакрыў фарватар. Акваторыю мора і праліва патрулююць расійскія штурмавікі СУ-25», - піша выданне.

«Расіянамі не проста быў здзейснены таран буксіра ВМС, што прывяло да страты ім часткі кіравальнасці, але і ажыццёўлена блакаванне ўсіх караблёў групы з тым, каб яны не маглі аказаць дапамогу буксіру. Караблі РФ ўсяляк правакавалі судна ВМС на адкрыццё агню», - адзначыў пастаянны прадстаўнік прэзідэнта Украіны ў АР Крым Барыс Бабін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0