Ніжэй — неаб'ектыўны рэйтынг беларускіх youtube-каналаў, якія — хочуць яны таго, ці не хочуць, — але вельмі нагадваюць стыль Дудзя.

5 месца. «Інтэрв'юга з Карэнманам»

Паўгода таму вядучы Аляксандр Карэнман выклаў на сваім канале тры інтэрв'ю: з алімпійскім чэмпіёнам Уладзіславам Ганчаровым, чэмпіёнам па муай-тай Віталём Гурковым і блогеркай Валерыяй Яскевіч. Больш інтэрв'ю там няма: і гэтая дзіўная перыядычнасць — адзін з бічоў беларускіх інтэрнэт-праектаў.

Здаецца, у Аляксандра і голас прыемны, і пытанні часам недурныя, і ў смартфон ён асабліва не падглядвае — але нешта не так. Каментатары ўжо паспрабавалі прыляпіць яму ярлык «танны Дудзь» і раяць вучыць пытанні, а ў руку пакласці калькулятар, тамагочы або любы іншы дзіўны дэвайс.

Акрамя таго, каментатарам не падабаецца: «другаснасць у фішках, прыёмах і нават у гуках», празмернасць вядучага ў кадры, і тое, што блытае імёны («ахаха ён еt ў канцы Аняй назваў»).

І з усім гэтым нельга не пагадзіцца. Хоць патэнцыял у гэтага вядучага відавочна ёсць, тут і спрачацца не варта.

4 месца. «BYN flow Дорогой»

Малады youtube-канал з дзіўнай назвай і хоць нейкімі спробамі зрабіць акрамя не самога жывога (і гэта мы яшчэ мякка) інтэрв'ю нешта вясёлае. Маецца на ўвазе пацешная гульня «Беларуская рулетка»: напрыклад, Блішч па загалоўках спрабуе адгадаць, што за выданне цытуе яму вядучы.

Дарэчы, самы смешны удзельнік праекта — Уладзь Крук, адзін са стваральнікаў канала Magashow, у якога больш за 200 000 падпісчыкаў. Праўда, тут у відэа з яго удзелам толькі чатыры тысячы праглядаў.

З самых вялікіх мінусаў шоу — якасць карцінкі, гуку і досыць дзіўны вядучы. З іншага боку, у некаторых выпусках на інтэрв'юяванага нападаюць адразу два вядоўцы — што з гэтага атрымліваецца, ужо іншая гісторыя, але спроба залічана.

3 место. Радыё «Свабода» «Інтэрв'ю»

Напэўна, самы прафесійны youtube-канал з усіх прадстаўленых. Тут добра практычна ўсё: гук, святло, бэкстэйджы (інтэрв'ю з Пальчысам, напрыклад, здымалі на начным даху Мінска дзесьці ў цэнтры). Вядучая Каця Маркоўская — практычна эталон таго, як трэба весці інтэрв'ю, каб не здавацца хамкай, але і не быць прасцячкай з дзяржТБ.

Безумоўны хіт канала — скандальны протаіерэй Сяргей Лепін, які адказвае вядучай на беларускай мове. Набраў ён менш за блогера Пальчыса, але тут які ў каго густ.

Праўда, на канале толькі два прыстойныя інтэрв'ю — і чаму Маркоўская так рэдка выпускае свае відэа, незразумела.

2 месца. «Баранцава. Інтэрв'ю»

На youtube-канале Анастасіі Баранцавай, вядучай радыёстанцыі «Гумар ФМ», усяго два відэа-інтэрв'ю — але якія! Са скандальным бізнэсменам Ізраілевічам (тым, які абараняе рэстаран у Курапатах «Паедзем, паядзім») і з вядомым IT-бізнэсменам і афіцыйным мільянерам Віктарам Пракапенем.

Баранцавай атрымалася тое, чаго не можа зрабіць цэлая армія youtube-інтэрв'юераў — яе інтэрв'ю расцягваюць на цытаты самыя буйныя беларускія медыя. Тут шмат эксклюзіву, ёсць трохі правакацыі і досыць драматургіі для таго, каб даглядзець 30-40-хвілінныя відэа да канца.

Але ёсць і адкрытыя факапы: напрыклад, у інтэрв'ю з Пракапенем, які ў літаральным сэнсе кажа, якія Анастасія павінна задаваць яму пытанні — а тая і згаджаецца!

1 месца. «Talk / Ток»

Журналістка, галоўная рэдактарка інтэрнэт-часопіса «Імёны» Адар'я Гуштын заўсёды тапіла за (у добрым сэнсе) правакацыйную журналістыку. Калі і чытачу цікава, і герою нязручна. Разам з новай камандай сайта «Наша Ніва», на канале якой і выходзіць «Talk / Ток», атрымліваецца «вось-вось Дудзь».

Усяго ў плэйлісце тры відэа, апошняе зусім свежае — і зноў з блогеркай Валерыяй Яскевіч. Прыгожае відэа, акуратны гук, інтэр'еры прыемныя — і рэзкая Гуштын, якая спрабуе даціснуць сваіх герояў і літаральна выцягвае з іх цікавыя адказы. Правакуе, цытуе, падлоўлівае — карацей, робіць тое, што і павінен рабіць любы нармальны інтэрв'юер.

Ну, а тое, што сайт БТ кінуўся гнабіць вядучую «Talk / Ток» за яе не самую акуратную белмову, толькі пацвярджае вядомую ісціну: хаяць на дзяржТБ — значыць, трэба глядзець.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?