Плошча-2010. Фота maxim-nm.livejournal.com

Кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька раней узначальваў Белтэлерадыёкампанію. Пасля выбараў 2010 года ён спрычыніўся да стварэння прапагандысцкага фільма «Жалезам па шкле».

«Завадатары пагрому называлі сябе альтэрнатыўнымі кандыдатамі. І ўвечары 19 снежня яны паказалі беларусам гэтую «альтэрнатыву», — казаў у эфіры голас Генадзя Давыдзькі.

У відэапраграме «Ток» Давыдзька ўзгадаў тыя падзеі.

— Вы прыйшлі на БТ, гэта 2010 год, снежань. Вельмі неспакойны час для Беларусі. На БТ выходзіць фільм «Жалезам по шкле». Фільм, дзе не было падпісана ваша прозвішча, але дзе кожны, хто хоць раз чуў вас (у вас вельмі пазнавальны голас), пазнаў, што гэты фільм агучылі вы. Мне цікава, які быў механізм? Хто вам прапанаваў агучыць гэты фільм? Ці вагаліся вы: варта ці не варта гэта рабіць? Ці не мучыла вас сумленне?

— Не. Я яшчэ не быў старшынёй Белтэлерадыёкампаніі. Мне патэлефанавалі з тэлебачання — я ж там «Беларускую часінку» вёў — трэба агучыць фільм. Я папрасіў тэксты. Мне іх прынеслі. Я з задавальненнем агучыў гэты фільм. Ні крыўды, нічога не было.

Я бачыў, што адбываецца. Я магу сказаць слова «вораг» — вораг такіх дзеянняў. Я супраць рэвалюцый, я супраць радыкалізму. У любым выпадку, што тычыцца гэтага фільма, то я лічу яго ўдалым. Да гэтага часу. Гэта як барацьба, як сродак барацьбы з апанентамі. Калі апаненты б’юць шкло — мы б’ём апанентаў. Гэта натуральна.

— Чаму вы не даяце слова апанентам? Гэта стандарт журналістыкі.

— Я даю слова апанентам. Я ворагам слова не даю.

— Яны былі на той момант кандыдатамі ў прэзідэнты.

— Хто?

— Тыя, каго затрымалі. Статкевіч быў кандыдатам у прэзідэнты, Някляеў быў кандыдатам у прэзідэнты.

— А хто ім не даваў слова?

— Я ніколі не бачыла, каб яны, апроч дэбатаў, умоўных дэбатаў, дзе не ўдзельнічае Аляксандр Лукашэнка, мелі магчымасць выказаць, што яны думаюць па тых справах, па тых актуальных праблемах, што адбываюцца ў краіне.

— Шмат магчымасцей было. І яны выкарыстоўвалі ўсе магчымасці, апроч Белтэлерадыёкампаніі, магчыма.

— Але гэта нацыянальнае тэлебачанне, за нашыя падаткі створанае. Чаму я, як глядач, не магу ўбачыць там Някляева? За мае падаткі існуе гэтае тэлебачанне.

— Вы можаце ўбачыць там Някляева.

— Толькі ў негатыўным святле.

— Ну чаму? Калі ён… Калі ён нешта заяўляў… Вы хочаце запытацца, чаму я менавіта не пускаў?

— Вы былі старшынёй Белтэлерадыёкампаніі. Гэта стандарт журналістыкі — даць слова абодвум бакам. Калі вы ў фільме паказваеце пазіцыю сілавікоў, калі ласка, пакажыце пазіцыю Някляева, яго сям’і, яго адвакатаў, таму што Някляеў у гэты час знаходзіўся у СІЗА КДБ. Як варыянт. Чаму гэтага не было? Стандарт. Гэта абсалютна зразумелы стандарт журналістыкі.

— Я так не лічу. Я не лічу, што гэта стандарт журналістыкі. Тым больш што на той час былі людзі, якія патрабавалі санкцый супраць нашай дзяржавы, супраць нашага народа. Я не лічыў іх канструктыўнымі. А з радыкаламі павінны быць вельмі жорсткія, дзяржаўныя метады.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру