Вярхоўная Рада Украіны на сваім пазачарговым пасяджэнні абвясціла ў краіне 30-дзённае ваеннае становішча ў сувязі з агрэсіяй Расіі паблізу Керчанскага праліва.
Ваеннае становішча абвешчана на тэрыторыях Вінніцкай вобласці, Луганскай, Мікалаеўскай, Адэскай, Сумскай, Харкаўскай, Чарнігаўскай, Херсонскай, Данецкай, Запарожскай — гэтыя вобласці мяжуюць з Расіяй і Прыднястроўем.
Раніцай 25 лістапада пагранічны расійскі карабель ажыццявіў таран украінскага рэйдавага буксіра. У выніку сутыкнення з расійскімі пагранічнымі сіламі ў Керчанскім праліве раненні атрымалі шэсць украінскіх маракоў.
Ва Украіне правялі экстраннае пасяджэнне Рады нацыянальнай бяспекі і абароны (РНБА), у выніку якога было рэкамендавана ўвесці ваеннае становішча ва Украіне на 60 сутак.
Парашэнка падтрымаў увядзенне ваеннага становішча і падпісаў адпаведны ўказ. Цяпер Рада зацвердзіла гэты ўказ, у выніку ва Украіне абвешчана ваеннае становішча, праўда не на 60 дзён, а на 30. І не ва ўсёй Украіне, а толькі ў асобных абласцях, якія мяжуюць з Расіяй і Прыднястроўем.
У сваім тэлезвароце Пятро Парашэнка заявіў, што ваеннае становішча ніяк не перашкодзіць правядзенню прэзідэнцкіх выбараў.