Ігар Шуневіч у форме НКВД 9 мая 2018 года. Фота mvd.gov.by

Ігар Шуневіч у форме НКВД 9 мая 2018 года. Фота mvd.gov.by

— Вы даволі шмат выказваліся па тэме Савецкага Саюза. І ў вас такія розныя выказванні, што я не магу да канца зразумець ваша стаўленне. З аднаго боку, вы казалі, што ваш дзед быў рэпрэсаваны і, напэўна, праз гэта ваша сям’я ў выніку і апынулася на Калыме. З іншага боку, вы часта даволі ўзнёсла ўзгадваеце тыя часы як час, на які трэба арыентавацца, што тады былі сапраўдныя каштоўнасці. Можаце сфармуляваць сваё стаўленне да Савецкага Саюза? Ці сумуеце вы па тых часах?

Сумую па маладосці. І па адчуванні таго, што ты патрэбны, што ўсё спакойна, што ты жывеш у найлепшай краіне свету. Можа, і хлуслівае такое адчуванне, але ж яно было шчырае. Сумаваць не сумую, нават па маладосці. Што сумаваць: яе не будзе ўжо. Але, як узгадваеш канкрэтныя нейкія рэчы, канечне, страшна робіцца, як мы жылі.

— Можаце прывесці прыклад, ад чаго менавіта страшна?

Страшна, па-першае, ад таго, што было ў магазінах. Страшна ад немагчымасці кудысьці паехаць. Мы гэтую несвабоду не лічылі несвабодай. Мы несвабоду лічылі натуральнасцю. Цяперашняй моладзі нават цяжка ўвіць сабе, што такое «немагчыма перасекчы мяжу». Увогуле — проста немагчыма. Нават у найбліжэйшыя краіны — у Польшчу, у Балгарыю. Пайсці ў магазін і купіць тое, што табе хочацца, таму што гэтага няма, што табе хочацца купіць. Нават калі ты грошы знойдзеш. Потым, ну зусім сорамна за тыя «паверхі» сацыяльныя. Калі, скажам, савецкая партыйная эліта існавала зусім не так, як простыя людзі. І магчымасці былі іншыя, і розныя былі цэны. Гэта таксама было вельмі непрыемна.

— Рэпрэсіі — гэта страшна?

Рэпрэсіі — гэта страшна. Але я не ўдзельнічаў ні з аднаго, ні з другога боку ў рэпрэсіях.

— Калі вы бачыце міністра ўнутраных спраў Шуневіча ў форме НКВД…

Мне падабаецца. Мне ён увогуле падабаецца. Справа ў тым, што НКВД адным з першых у Брэсцкай крэпасці лёг. Гэта таксама былі афіцэры і простыя салдаты НКВД.

— Але ж вы ведаеце, якая ў НКВД рэпутацыя цяпер. Наколькі гэта балючая тэма.

Розная рэпутацыя. Яны шмат добрага зрабілі і шмат гнюснага.

— Я вось нешта не бачыла, каб яны за гнюснае хаця б прабачэння папрасілі.

Хто?

— Каб у Беларусі быў музей ахвярам сталінскіх рэпрэсій.

Я за. За. Трэба гэта зрабіць.

— Шуневіч можа гэта зрабіць?

Можа.

— Я думаю, што не можа.

Вы пытайце ў яго.

— Таму што ягоны светапогляд не той, пры якім ён бы мог прызнаць рэпрэсіі. І калі чалавек прызнае рэпрэсіі, ён не ідзе на парад у такой форме.

Ён жа не з’яўляецца нашчадкам рэпрэсій, ці тых, хто гэта рабіў. Хто павінен каяцца?

— Вы ж ведаеце, што гэта сістэма рэпрэсій перакачавала і ў сучасную міліцыю.

Не ведаю.

— А я калі чытала «Архіпелаг ГУЛАГ» Салжаніцына, дзе ён падрабязна апісаў усю сістэму рэпрэсій, то думала, што прайшло столькі год, а некаторыя метады выкарыстоўваюць дагэтуль.

Я гэтага не ведаю.

Глядзець цалкам:

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?