Увечары 26 лістапада міліцыя затрымала Віктара Кавалькова. 58-гадовы мужчына хадзіў па кватэрах дома па вуліцы Пятра Мсціслаўца (квартал «Маяк Мінска») і прасіў грошы «на царкву».
Віктар Кавалькоў адносіць сябе да незалежнай ад Масквы Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
Кавалькоў называе сябе ераманахам Вікенціем і прадстаўляецца святаром Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Гэта царква афіцыйна не прызнаецца ў нашай дзяржаве. Каб легальна ажыццяўляць сваю дзейнасць у Беларусі, царква мусіць мець рэгістрацыю. Але тую рэгістрацыю ім не даюць. У БПЦ іх таксама не прызнаюць, кажучы коратка: «Раскольнікі».
Па словах святара Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Леаніда Акаловіча, іх царква мае 5 святароў на ўсю Беларусь і трохі больш за 20 прыхаджанаў толькі ў адной мінскай парафіі. «Мы нацыянальная царква, а БПЦ — русіфікатарская», — тлумачыць ён.
Вось так, прадстаўляючыся святаром, Кавалькоў і пайшоў па кватэрах. Кажа, што прасіў грошы «на царкву».
«Я хадзіў па кватэрах, збіраў міласціну на царкву. Хтосьці з жыхароў выклікаў міліцыю. Абвінавачваюць, што парушаў парадак, — кажа Кавалькоў. — Мяне забралі ў міліцыю, пратрымалі суткі, пасля павезлі ў суд. Але я паведаміў, што хачу адваката, таму суд перанеслі.
Я інвалід 2-й групы. Маю невялікую пенсію, каля 100 даляраў. Атрымліваецца, што з пункту гледжання дзяржавы, я прасіў грошы на жыццё, бо не хапае пенсіі, а цяпер мне дадуць штраф, які будуць вылічваць з пенсіі!».
Кавалькоў расказваў у інтэрв'ю Радыё Рацыя, што ён былы лейтэнант ГРУ. Служыў у палітаддзеле падчас Афганскай вайны, а пасля на пяць гадоў трапіў у спецтурму КДБ СССР. Ён сцвярджае, што там памёр, але Бог уваскрасіў яго.
Суд над Кавальковым адбудзецца 30 лістапада. Яго вінавацяць у дробным хуліганстве. Ераманаху Вікенцію пагражае штраф да 30 базавых велічыняў альбо арышт.