Здарэнне адбылося яшчэ 29 верасня, а 21 лістапада прайшоў суд.
Пра выпадак піша kraj.by.
29 верасня абвінавачаны разам з прыяцелем прыехаў у Маладзечна, там яны сустрэліся з яшчэ адным таварышам. У двары аднаго з дамоў сталі выпіваць.
Неўзабаве з грыбоў дадому вярнулася сям'я: пацярпелая, яе дачка, зяць і ўнукі. Дзеці гулялі на вуліцы, дачка пайшла гуляць з сабакам. У нейкі момант пенсіянерка пачула, што «дзядзька бегае за дзецьмі». Яна выйшла з дома і зрабіла мужчыну заўвагу. У адказ ён ударыў яе кулаком па шыі.
Пажылая жанчына адчула сябе дрэнна, расхвалявалася і пайшла дадому. Аб выпадку яна распавяла зяцю, той і выклікаў міліцыю.
Хулігана затрымалі. Ён кажа, што нічога не памятае, бо шмат выпіў. Суд прысудзіў яму тры месяцы арышту.