Фота з сацыяльных сетак
Прэмія Французскай рэспублікі «Свабода - Роўнасць - Братэрства» за 2018 год прысуджана беларускаму праваабаронцу Леаніду Судаленку, піша spring96.org
Нацыянальная кансультатыўная камісія па правах чалавека Францыі ўжо павіншавала лаўрэата з прэміяй і запрасіла на цырымонію ўзнагароджання, якая адбудзецца ў наступны панядзелак у Міністэрстве юстыцыі ў Парыжы. Прэмія будзе ўручацца міністрам юстыцыі Ніколь Белобе і прэзідэнтам няўрадавай арганізацыі CNCDH Крысцінай Лазергес. У адзначэнне 70-й гадавіны Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і 20-годдзя Дэкларацыі аб праваабаронцах запланавана таксама сустрэча ў міністэрстве замежных спраў Францыі.
Пасольства Францыі ў Беларусі таксама далучылася да віншаванняў лаўрэата. Пасол Дыд'е Канэс асабіста запрасіў яго абмяняцца думкамі падчас сумеснай вячэры.
Леанід Судаленка стаў найбольш вядомы пасля ўвядзення ў Беларусі дэкрэта аб дармаедстве. Праваабаронца падтрымліваў у судзе першага беларуса, які абскардзіў сваё «дармаедства».
Далей Судаленка не адзін месяц аказваў бясплатную юрыдычную дапамогу людзям з усіх канцоў Беларусі, дапамагаючы тым, хто атрымаў «лісты шчасця» з падатковай. Юрыст напісаў каля 200 скаргаў у падатковыя інспекцыі.
— У сваім фэйсбуку я публікаваў тэматычныя матэрыялы. Мяне пачалі знаходзіць людзі, звярталіся з абласных і раённых цэнтраў, прасілі аб дапамозе, - распавядаў праваабаронца kp.by.