Фота Радыё «Свабода»

Маскоўскі гарсуд скараціў да 16 сутак тэрмін арышту 77-гадовага праваабаронцы Льва Панамарова, які раней атрымаў 25 сутак за рэпост тэксту з заклікам да несанкцыянаванага мітынгу ў абарону фігурантаў «справы «Новай велічы». Такое рашэнне прыняла суддзя Ганна Селіверстава, перадае РБК.

5 снежня Цвярскі суд Масквы прызначыў Панамарову 25 сутак арышту па ч. 8 арт. 20.2 КаАП аб паўторным парушэнні — раней сёлета праваабаронцу ўжо штрафавалі за адзіночны пікет 23 ліпеня.

Панамарова адправілі ў спецпрыёмнік адразу з залы суда.

Пасля арышту Панамарова расійскі прэзідэнцкі Савет па правах чалавека (СПЧ) выступіў з заявай, адзначыўшы, што лічыць рашэнне аб арышце «жахлівым», але і «замена яго любой іншай санкцыяй будзе супярэчыць пачуццю справядлівасці і духу расійскай Канстытуцыі», бо Панамароў «не вінаваты ў парушэнні закона і мае быць вызвалены неадкладна».

«Леў Панамароў, 1941 года нараджэння, доктар фізіка-матэматычных навук, паплечнік акадэміка А. Сахарава і адзін са стваральнікаў таварыства «Мемарыял», не рабіў ніякіх гвалтоўных дзеянняў, ніколі і нікога не заклікаў да іх здзяйснення, ніколі не выказваў нічога, што магло б выклікаць нянавісць да каго б там ні было», — сказана ў заяве СПЧ.

7 снежня Масгарсуд пакінуў Панамарова пад арыштам, скараціўшы тэрмін да 16 сутак.

Каментуючы рашэнне суда, адвакат Генры Рэзнік назваў «ганебнай заказухай» і «спекуляцыяй спецслужбаў».

У сваёй прамове ў судзе адвакат падкрэсліў, што пост, які Панамароў змясціў на сваёй старонцы, не ўтрымлівае ніякіх заклікаў да ўдзелу ў няўзгодненай акцыі; яго аўтары разлічваюць толькі на ўнутранае перакананне і асабістую волю людзей. Рэзнік адзначыў, што ў прыкладзеных да пратакола дакументах і пастанове Цвярскога суда ёсць шматлікія рапарты і даведкі сілавікоў, але няма рэальнага разбору тэксту. Таксама ў пастанове ілжыва сцвярджаецца, што Панамароў ажыццяўляў заклікі ад свайго імя, тады як насамрэч ён толькі падзяліўся тэкстам, напісаным іншымі людзьмі.

Пісьменнік і дэпутат Дзярждумы Сяргей Шаргуноў запатрабаваў упаўнаважанага па правах чалавека Таццяну Маскалькову праверыць законнасць арышту праваабаронцы. Камісар Рады Еўропы па правах чалавека Дуня Міятавіч запатрабавала тэрмінова вызваліць праваабаронцу; на яе думку, выпадак Панамарова з'яўляецца яркім прыкладам выкарыстання несувымерных санкцый.

Неадкладна вызваліць праваабаронцу Льва Панамарова заклікалі Злучаныя Штаты. Пра гэта гаворыцца ў твітары Дзярждэпартамента.

Панамароў на сваёй старонцы ў Facebook змясціў рэпост з заклікам прыняць удзел у акцыі «За нашых і вашых дзяцей» у падтрымку фігурантаў «спраў «Новай велічы» і «Сеткі».

Арганізатарамі акцыі, акцыя прайшла ў шэрагу расійскіх гарадоў, былі бацькі абвінавачаных па гучных «экстрэмісцкіх» справах. У Маскве актывісты планавалі зладзіць шэсце ад метро «Тургенеўскай» да Лубянскай плошчы і назад да Тургенеўскай плошчы, пры гэтым мэрыя Масквы ва ўзгадненні гэтага маршруту адмовіла — актывістам было прапанавана перанесці яе на гарадскія ўскраіны. У Маскве ў акцыі ўдзельнічалі каля 150 чалавек, 18 былі затрыманыя. У Санкт-Пецярбургу па выніках шэсця ў паліцыі апынуліся каля 40 чалавек.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру