Акадэміку Радзіму Гаўрылавічу Гарэцкаму 7 снежня споўнілася 90 гадоў. Напярэдадні ён даў інтэрв’ю «Салідарнасці». 

У мяне пастаянна пытаюцца: якія прычыны вашага даўгалецця? Ды я сам дзіўлюся. У мяне дахрана сур’ёзных хвароб, ад якіх ужо даўно павінен быў адысці ў лепшы свет.

***

Ужо каля 10 гадоў у мяне ракЛекар мне сказаў: «Вам так пашэнціла!» Я ў здзіўленні: чаму? «У вас самы лепшы рак — рак прастаты! Ён так марудна развіваецца ў старасці, што вы памрэце ад чаго-небудзь іншага».

***

Першае і самае важнае — у мяне вельмі добрыя гены. Бацька памёр ў 88, брат — амаль у 85, маці і яе бацькі — усе пражылі да 93. Другое — нягледзячы на хваробы, я не звяртаю на іх увагі. Я паводжу сябе быццам бы здаровы, не губляю любоў да жыцця.

***

У дзяцінстве бачыў, як людзей выкопвалі з зямлі. Пасля вызвалення з турмы бацька пагадзіўся працаваць на будоўлі Беламорска-Балтыйскага канала, сям’я пераехала да яго. Жыццё ў зняволеных было жахлівае, часта ладзілі ўцёкі. Каб схавацца, закопваліся ў зямлю. Іх шукалі, бегалі з сабакамі. Дастаюць мужчыну з зямлі — а ён ужо задыхнуўся.

***

Мы з братам раслі сярод урак, але ўсё ж сталі нармальнымі людзьмі. Дзякуючы бацькам, і асабліва дзеду і бабе па мамінай лініі — Марыі Міхайлаўне і Осіпу Іванавічу. Галоўным чынам яны нас выхоўвалі — бацька быў то ў турме, то ў камандзіроўках. Калі б не яны, мог бы стаць і хуліганам, і чорт ведае кім.

Радзім, Ларыса, Гаўрыла, Усяслаў Гарэцкія. Ялабуга Татарскай АССР, 1954

Радзім, Ларыса, Гаўрыла, Усяслаў Гарэцкія. Ялабуга Татарскай АССР, 1954

***

Маё жыццё прайшло пад дамоклавым мячом — я ж сын «ворага народа». Калі скончыў у Маскве інстытут, бацька хацеў, каб я трапіў на працу ў Мінск. На яго ліст прыйшоў адказ: няма месцаў. У той час хлусня была ўсюды. А можа і добра, што тады мяне не пусцілі. Забіраць перасталі толькі пасля смерці Сталіна.

***

Доўга не мог уладкавацца на працу ў Геалагічны інстытут Акадэміі навук СССР. Пашанцавала, што бацька якраз атрымаў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга за Цымлянскую ГЭС — пра вялікую будоўлю камунізму пісалі ва ўсіх газетах. Калі даведаліся, адразу ж узялі мяне на працу.

За выданне гэтай карты Радзім Гарэцкі атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР

***

Калі трапіў у Парыж, быў у шоку. Навуковая канферэнцыя праходзіла падчас перадвыбарчай кампаніі. Дэ Голю супрацьстаялі камуністы. Па ўсім горадзе партрэты і плакаты, а на іх выявы — зорачка раўняецца свастыцы. Значыць, камунізм — тое самае што фашызм. Я думаў: як яны пасмелі? Мы ж у дзяцінстве ўвесь час крычалі «Да здравствует Сталин!». «Спасибо товарищу Сталину за наше счастливое детство!» Пазней толькі ўбачыў сутнасць рэжыму.

***

Стараюся папраўляць людзей, калі кажуць, што ў СССР быў камунізм ці сацыялізм. У Савецкім Саюзе быў бальшавізм.

***

Наколькі дзікімі мы былі ў параўнанні з заходнімі краінамі! Нават з ГДР. Майго старэйшага сябра па геалагічным інстытуце, які часта ездзіў у камандзіроўкі, жанчыны прасілі: купі бюстгальтар (у нас паршывыя былі).

Хлопцы прасілі: набудзь прэзерватываў. Там як было? Заходзіш у прыбіральню — унутры аўтамат. Кідаеш цэнты — выскаквае прэзерватыў. Галоўнае слова савецкіх грамадзян — дэфіцыт.

Мугаджары (Казахстан), 1971 год

***

Нас у Беларусь не пушчалі. Бацьку рэабілітавалі ў 1958 годзе, але толькі праз дзесяць гадоў дазволілі вярнуцца. Яму было ўжо пад 70, стары чалавек, ды яшчэ столькі перажыў — да расстрэлу два разы прысуджалі.

***

Дыктат, хлусня, страх — на гэтым трымалася савецкая і трымаецца сённяшняя ўлада.

***

Згодны з Якубам Коласам — калі начальства загаворыць па-беларуску, дык і народ загаворыць. Многія без прымусу не могуць. Памятаю, як аднойчы перад паседжаннем у Акадэміі навук згары паступіла каманда — даклады зрабіць па-беларуску. І ўсе выступілі па-беларуску! Загаварылі нават акадэмікі, якія раней у гэтым заўважаныя не былі. Лукашэнка — стопрацэнтна савецкі чалавек, таму шанцаў пры ім няшмат. Але ж ён не навечна.

***

Жонку кахаю. У яе таксама дзень народзінаў — 70 год споўнілася на днях.

***

Без працы, без навукі я не магу. З вялікім задавальненнем хаджу на працу — у той самы будынак, дзе амаль 20 гадоў узначальваў Інстытут геахіміі і геафізікі (пасля, на жаль, ліквідаваны). На ўваходзе — памятная шыльда, прысвечаная бацьку. Заўсёды вітаюся як праходжу: прывітанне, тата! Працую за сваім сталом над навуковымі праграмамі. І від з кабінета ў мяне добры — гляджу на прыроду і нягледзячы ні на што радуюся жыццю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?