Я глядзеў першую службу прадстаяльніка Праваслаўнай Царквы ва Ўкраіне (ПЦУ), мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Украіны Епіфанія, у запісе. Цікава было, ці ўжо лічыць ён сябе «калегам» прадстаяльнікаў іншых памесных цэркваў. І калі на Вялікім уваходзе Епіфаній памінаў прадстаяльнікаў іншых цэркваў, я гэты эпізод пракруціў яшчэ раз, бо з першага разу не пачуў імя Кірыла Маскоўскага.

Памылкі не было: малады (39-гадовы) і толькі ўчора абраны прадстаяльнік новай аўтакефальнай Царквы вырашыў (сам ці з падказкі іншых уладыкаў) не памінаць варожа настроенага галаву Маскоўскай Царквы. Я пазваніў аднаму праваслаўнаму беларусу, спачувальніку ўкраінскай аўтакефаліі, і сказаў, што памянуць Кірыла трэба было.

Памянуць Кірыла трэба было хоць бы таму, што не ўсе вернікі Маскоўскай Царквы як у самой Расіі, так і ў іншых поставецкіх дзяржавах варожа настаўленыя да Украіны і аўтакефаліі ПЦУ. Памянуць Кірыла трэба было і таму, што сам Ісус Хрыстос вучыў любіць ворагаў і бласлаўляць тых, хто кляне цябе. Гэта якраз той выпадак, калі трэба быць вышэйшым за крыўды і паказваць: вось яны плявузгаюць на нас, яны не жадаюць нам дабра, але мы молімся за іх. У такім разе новая Царква і яе прадстаяльнік будуць не толькі паказваць вернасць запаветам Ісуса з Назарэта, але і маральна стаяць вышэй за Кірыла і тых, хто яго падтрымлівае ва ўкраінскім пытанні.

У якасці ж пастскрыптума дадам, што з 15 снежня кіраўнік украінскай філіі Маскоўскай Царквы Ануфрый (Беразоўскі) страціў тытул мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Украіны, бо, як прадпісаюць каноны, у адным горадзе не можа быць двух біскупаў. Для Канстанцінопаля з суботы 15 снежня ў Кіеве ёсць толькі мітрапаліт Епіфаній.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?