Чытайце таксама: Мінадукацыі ўступіла ў палеміку з беларускімі гісторыкамі, даказвае, што паўстанне 1863 года было «польскім»

Пытанне пра этнічную прыналежнасць Каліноўскага, згаданую у пачатку ліста прэс-службы, пакінем на канец, бо яно самае складанае… Пройдземся спачатку па самых простых, відавочных недарэчнасцях.

Прэс-служба: Зноў жа, у гэтым пытанні не трэба старацца быць разумнейшымі за сучаснікаў: у французскай, брытанскай, аўстра-венгерскай прэсе тых гадоў, у звароце Папы Рымскага і ў іншых крыніцах паўстанне называлася польскім, і нідзе ні адным словам не згадвалася беларускае насельніцтва, бо ў праграме паўстання не было нічога пра вырашэнне беларускага нацыянальнага пытання.

Контраргумент: І што? Хіба гэты факт неяк можа адмаўляць, што ў паўстанні удзельнічалі беларусы (нашыя продкі) і што яны не лічылі сябе палякамі? А ці магла ведаць наагул у гэны час пералічаная вамі прэса, хто такія беларусы? А хіба мы не называем Вялікабрытанію Ангельшчынаю? Хіба ангельцы не называлі СССР Расеяй? Пра што сведчыць гэты факт, безумоўна? Пра тое, што на момант падзелаў Рэчы Паспалітай у ёй дамінавала польская культура, таму ўсе суседзі па старое звычцы і завуць паўстанне народаў былой Рэчы Паспалітай польскім.

Прэс-служба: Усяго на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай адбылося каля 120 боесутыкненняў. Што тычыцца тэрыторыі Беларусі, то некаторую падтрымку паўстанне атрымала толькі ў Віленскай і Гродзенскай губернях — памежных з мяцежным Царствам Польскім. Большая ж частка беларускіх зямель — Мінская, Віцебская і Магілёўская губерні — засталіся ў глыбокім тыле паўстання, і справа тут абмежавалася асобнымі сутычкамі.

Контраргумент: Безумоўна, паўстанне было не толькі на беларускіх землях. Але якая розніца на якіх землях, апроч беларускіх, ішло паўстанне, калі галоўным застаецца факт, што і беларусы бралі ў гэтым паўстанні ўдзел. Аўтар сам пералічвае беларускія землі, на якіх адбывалася паўстанне, дадаючы, праўда, зневажальнае «толькі», чым меўся прыменшыць «размах» паўстання на беларускіх землях. Безумоўна, найбольшая моц паўстання была на польскіх землях. Але паўстанне дакацілася нават да Дняпра (да ўсходу Беларусі), што, дарэчы, апісаў у сваім аповедзе «Паром на бурнае рацэ» У. Караткевіч, які сам з гэных мясцінаў і паходзіў.

Прэс-служба: Але самае важнае — няма ні найменшай гарантыі, што пры перамозе дадзенага паўстання Беларусь наогул адбылася б як нейкі нацыянальны праект.

Контраргумент: А ў Расейскай імперыі гэты праект, што, адбыўся? Ці ён адбыўся ў выніку, таму што імперыя тая развалілася? У Расейскай імперыі, дзе беларуская мова была пад забаронаю, дзе беларусаў, наагул, адмаўляліся лічыць за асобны народ ажно да самай Кастрычніцкай рэвалюцыі? Дзе беларусаў высылалі ў Сібір цэлымі вёскамі? Куды ўжо горай за гэнае, што адбывалася з беларусамі за часамі Расейскай імперыі?

Прэс-служба: Паўстанне нельга лічыць беларускім яшчэ і таму, што задушана яно было не проста імперскімі войскамі, але і пры поўным садзейнічанні беларускага сялянскага насельніцтва, якое актыўна выдавала паўстанцаў царскім уладам, арганізоўвала самаабарону і перашкаджала фарміраванню атрадаў.

Контраргумент: Актыўна? Ну, гэта зусім непрыкрытая хлусня! Калі насельніцтва Беларусі было ўжо ж настолькі прарасейскім, то чаму наагул узнікла паўстанне на нашых землях? То чаму наагул узнікла новая беларуская літаратура ў ХІХ стагоддзі? Узнікла пазней і БНР?

Прэс-служба: Праваслаўе, характэрнае для этнічных сялян-беларусаў, у матэрыялах Каліноўскага жорстка кампраметавалася.

Контраргумент: а вы ўпэўнены, што характэрнае? Ці не навязвалася тут на нашых землях праваслаўе гвалтам тысячу гадоў таму? Ці вы будзеце цвердзіць, што нашыя продкі-паганцы з радасцю пабеглі ў праваслаўе? Гледзячы на гісторыю, можна смела цвердзіць, што любая рэлігія навязваецца гвалтам. Спачатку, 1000 гадоў таму, хрысцілі гвалтам у праваслаўе, потым з 1385 года Ягайла пачаў хрысціць гвалтам паганцаў-балтаў у каталіцтва. Вітаўт аддаваў перавагу каталікам… З 1596 года пачалі гвалтам хрысціць ва ўніяцтва гэную частку насельніцтва, якая добраахвотна не пажадала перайсці ва ўніяцтва… Прыйшлі расейцы: зноў пачалі гвалтам хрысьціць назад усіх у праваслаўе (народ па першасці нават у лясы ўцякаў маліцца). Рэлігія заўсёды навязвалася гвалтам! Адзіная рэлігія, якая больш ці менш распаўсюджвалася мірна на нашых землях, — гэта пратэстанцтва ў 16 стагоддзі. Але з-за гэнага, што яно распаўсюджвалася гэткім мірным чынам, яно і не замацавалася на нашых землях. Бо народ просты не будзе мяняць рэлігію як пальчаткі! Таму не трэба пісаць пра «характэрнае для беларусаў-сялянаў праваслаўе». З рэлігійнага пункту гледжання на Беларусі ніколі не было рэлігійнае «стабільнасці».

Прэс-служба: Ва ўлётках яно называецца схізмаю і «сабачай верай», усім праваслаўным прадказваліся вечныя пакуты ў замагільным свеце, прапануецца пераход у «святую ўніяцкую веру ». Такім чынам, заклікаючы праваслаўных беларусаў перайсці ва ўніяцтва, Каліноўскі імкнуўся супрацьпаставіць мясцовых сялян дзяржаўнаму ладу.

Контраргумент: Безумоўна, гэта было так. І пра што гэта сведчыць? Толькі пра тое, што ён не любіў «маскоўцаў», і навязаную імі гвалтам веру. Хіба гэта грэх? Ён пра беларусаў кепскага што-небудзь сказаў? Ці для вас беларусы і расейцы адное самае?

Прэс-служба: Імаверна, для Каліноўскага і яго паплечнікаў ніякай асобнай беларускай мовы не існавала — мясцовыя гаворкі яны ўспрымалі як рэгіянальную і простую версію польскай мовы. 

Контраргумент: Вы пыталіся ў самога Каліноўскага? Ці, можа, ён пра гэта пісаў недзе? Цытату ў студыю, калі ласка! А вось у Расейскае імперыі, нагадаю яшчэ раз, беларускую мову адмаўляліся называць самастойнаю моваю, называючы яе дыялектам расейскае мовы. Каліноўскі між тым у сваёй газеце паважліва звяртаўся да народа — Беларусы (не палякі)! Называў наш народ па імені! Хіба гэтак рабілі расейскія генералы, якія не лічылі беларусаў за асобны народ?)

Прэс-служба: Пераносячы гэта на сённяшнія рэаліі — кажучы груба, спадарожнікавы «Белсат», які вяшчае з Варшавы за сродкі польскага бюджэту «для беларусаў» і «на беларускай мове», ад гэтага не становіцца беларускім тэлеканалам. Гэта інструмент уплыву польскіх уладаў.

Аналагічна і «Радыё Свабода», якая распавядае нам пра «беларускае паўстанне», атрымлівае задачы ў Пражскім офісе і не з'яўляецца нейкім выразнікам інтарэсаў беларускага народа — гэта сапраўды такі ж міжнародны інструмент уплыву, толькі амерыканскі, нягледзячы на ​​нацыяналістычныя абгорткі і беларускую мову з мяккімі знакамі.

Контараргумэнт: А, значыць, расейскія тэлеканалы, якія вяшчаюць на тэрыторыі Беларусі, ды й яшчэ на расейскае мове, можна назваці беларускімі?

Прэс-служба: Гэтая газета, як і абсалютная большасць агітацыйных матэрыялаў таго часу, была разлічана на апалячанае дваранства і гараджан і мела зусім іншае сэнсавае напаўненне.

Контраргумент: Ну што за здагадкі нейкія? Вы пыталі асабіста ў аўтараў? Я нагадаю ізноў, што ў Расейскай імперыі, якую вы так бароніце, было небяспечна для здароўя выдаваць друк па-беларуску. А вось у канчаткова спалячанай Рэчы Паспалітай 18 стагоддзя у паасобных месцах беларуская мова (паводле Вітаўта Тумаша) пратрымалася аж да канца існавання Вялікага Княства Літоўскага. І з юрыдычнага ўжытку выціснула яе канчаткова не мова польская, а расейская. Я не апраўдваю апалячвання, але даводжу вам, што ў Расейскай імперыі (у сярэдзіне 19 стагоддзя) было яшчэ горай.

Прэс-служба: Таму ў выпадку перамогі этнічных беларусаў, хутчэй, чакала б масіраваная паланізацыя і ганенні на праваслаўе, што мы і назіралі на заходнебеларускіх землях у 1921—1939 гг.

Контараргумент: І зноў цьмяныя здагадкі, накшталт, «што б было, калі б было…». Я нагадаю аўтару, што пакуль палякі паміж 1921—1939 гадамі саджалі беларусаў у турмы, расейцы гэтым часам з беларусамі, наагул, не цырымоніліся і ставілі іх «к стенке», а гаворачы прасцей — расстрэльвалі. Адна рэформа беларускай мовы 1933 года чаго каштавала. Пра забойствы дзясяткаў беларускіх лінгвістаў, літаратараў, усіх тых, хто быў нязгодным з «русификацией» беларускае мовы, можна пісаці цэлымі кнігамі… 

Прэс-служба: Важна разумець, што толькі ПАСЛЯ падаўлення паўстання, высылкі, кантакту з народнымі нізамі, асобныя ўдзельнікі паўстання ўсвядомілі сябе як беларусы. Напрыклад, у прадмове да «Дудкі беларускай» паэт Ф. Багушэвіч, які ваяваў у атрадзе Людвіка Нарбута, адзначаў: «Я сам калісь думаў, што мова наша — «мужыцкая» мова, і толькі таго! Але, паздароў Божа добрых людцоў, як навучылі мяне чытаць-пісаць, з той пары я шмат гдзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў: і пераканаўся, што мова нашая ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо іншая якая».

Контраргумент: Не трэба спрабаваці перавярнуць усё дагары нагамі. Слова «мужыцкая» ў прыведзенным вамі прыкладзе можна перакласці расейскім словамі «деревенская, неполноценная». Бо «мужык» і «мужычка» ў 19 стагоддзі — гэта не прыкмета полу чалавека (не «мужчына» і не «жанчына»)! Гэтымі словамі абазначалі саслоўе сялянаў, бо грамадства ў гэты час было класавым і роўнасці паміж людзьмі не было. І вы гэта ведаеце! І калі хацелі абразіць, то маглі абазваць, напрыклад, «мужыком» або «мужычкаю». Перакладаючы на сённяшнюю расейскую мову — «деревенщина». Думку, што беларусы не народ, а іхная гаворка непаўнавартасная мова, мужыцкая мова, простанародная мова, дыялект расейскае мовы і толькі, убівалі ў галовы расейскія ўлады. Пра гэта і піша, насуперак уладам Расейскай імперыі, у сваёй прадмове Багушэвіч. Ён як бы пярэчыць расейскім уладам, паўстаў супраць іх, піша, «што мова наша ёсць такая ж людзкая», як і ўсе астатнія мовы… Таму з чаго вы надумалі сабе, што Багушэвіч у маладосці лічыў сябе палякам, незразумела. З прыведзенага вамі тэксту гэта ну ніяк не вынікае.

Дарэчы, убіваць думкі ў галовы беларусаў, што «белорусский язык — это деревня» працягвалі і за савецкім часам. Бо, зразумела, прасцей жа асіміляваць народ, калі ён сам саромеецца сваёй мовы. Тады гэты народ і сам вырачацца яе. Навошта хадзіць далёка за прыкладам: наш прэзідэнт і да гэтае пары саромеецца беларускае мовы, бо гэтак яго навучылі за савецкім часам, калі ён быў маленькім хлопчыкам. І таму асабіста мне цяжка вінаваціць яго ў тым, што ён не размаўляе па-беларуску. Я не бачу тут толькі ягонае віны.

Прэс-служба: Беларускамоўная спадчына Каліноўскага вельмі невялікая. Гэта шэсць выпускаў «Мужыцкай праўды» (сёмы, магчыма, быў падрыхтаваны не ім), «Ліст Яські-гаспадара з-пад Вільні да мужыкоў зямлі польскай», тры «Лісты з-пад шыбеніцы» і два загады, адзін з якіх цалкам мог належаць і іншаму аўтару. Яго тэксты, прызначаныя ў расійскія інстанцыі, напісаныя па-руску, а астатнія — па-польску.

Контраргумент: Але ж ён адрозна ад таго ж начальніка расейцаў Мураўёва-Вешальніка ведаў беларускую мову! Пісаў на ёй! Хто з тых, каго вы бароніце, ведаў беларускую мову? Можа, Сувораў?

Прэс-служба: І, жадаючы зрабіць свае ідэі больш даступнымі для сялян, звярталіся да іх на гэтай народнай мове, якая станавілася правадніком польскіх ідэй, польскай нацыянальнай ідэнтычнасці і міфалогіі.

Контраргумент: Довад несправядлівы. Гэта самае можна сказаць і пра расейцаў.

Датычна нацыянальнасьці Каліноўскага:

Прэс-служба: Але каб упэўнена назваць паўстанне беларускім, сучасным аўтарам неабходна перапісаць не толькі падручнікі, але і самога Каліноўскага. У прыватнасці, у яго пракламацый пастаянна згадваецца «жонд польскі», а сам Каліноўскі прама называе паўстанне польскім, а паўстанцаў — палякамі.

У лісце «Яська-гаспадар з-пад Вільні ды мужыкоў зямлі Польскае» пасля заклікаў «рэзаць паганага маскаля» чытаем наступныя радкі: «Мы, Што жывем на зямлі Польскае, Што ямо хлеб Польскі, мы, Палякі е з вякоў вечных!»

Контраргумент: Уласна мне здаецца, што, найхутчэй, Каліноўскі быў чалавекам «размытай» нацыянальнасці. Ён адначасова лічыў сябе і літвінам, і палякам. Хаця шмат гісторыкаў і цвердзяць, што ён лічыў сябе не палякам, а літвінам. Людзей з «размытаю» нацыянальнасцю ў 19 стагоддзі было шмат. Напрыклад, Адам Міцкевіч, які таксама лічыў сябе палякам, але толькі ў «шырокім сэнсе». Каб было больш зразумела, можна прывесці прыклады з сённяшняга часу. Возьмем нашага прэзідэнта. Асабіста для мяне ён, бясспрэчна, расейскі нацыяналіст, бо бароніць расейскую мову, расейскія інтарэсы, называе расейскую культуру велічнай. Але, калі запытацца уласна ў яго, хто ён па нацыянальнасці, то ён вам, мяркуючы з ягоных інтэрв’ю, адкажа, што «я беларус і я савецкі чалавек». Бо, як вынікае з ягоных інтэрв’ю, ён да гэтае пары верыць у братэрства расейскага і беларускага народаў. Гэтаксама ў братэрства паміж польскімі і беларускімі народамі верыў і Каліноўскі на 150 гадоў раней.

Прэс-служба: Нагадваем таксама, што Цэнтр паўстання знаходзіўся ў Варшаве і быў сфармаваны з правых лібералаў, а Каліноўскі па поглядах з'яўляўся радыкальным сацыялістам.

Такім чынам, яго рознагалоссі з цэнтрам насілі сацыяльны, а не нацыянальны характар.

Контраргумент: Каліноўскі не лічыў сябе палякам у «вузкім сэнсе», як вы спрабуеце гэта даказаць сваім тэкстам. Максімум ён мог лічыць сябе палякам «у шырокім сэнсе», Каліноўскі настойваў на незалежнасці ВКЛ ад Польшчы. Пра гэта ўжо напісаныя горы кніг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?