church.by
Беларуская праваслаўная царква на агульным сходзе Мінскай епархіі пастанавіла прызнаць раскольнікамі Праваслаўную царкву Украіны, створаную на саборы ў Кіеве 15 снежня.
Адпаведнае рашэнне апублікавана на афіцыйным сайце БПЦ.
«Прызнаць раскольніцкай супольнасцю так званую аўтакефальную праваслаўную царкву Украіны на чале з так званым мітрапалітам Кіеўскім і ўсёй Украіны Епіфаніем», — гаворыцца ў паведамленні.
Як адзначылі ў БПЦ, агульны сход Мінскай епархіі быў праведзены «ў сувязі з наступнай сітуацыяй — замахам Канстанцінопальскага патрыярхата на кананічную тэрыторыю Рускай праваслаўнай царквы, правядзеннем так званага аб'яднальнага сабора ў Кіеве і стварэннем ва Украіне новай псеўдацаркоўнай структуры».
Апроч іншага, сход Мінскай епархіі вырашыў аднагалосна падтрымаць рашэнні ў сінод Рускай праваслаўнай царквы аб прызнанні немагчымым далейшага знаходжання ў еўхарыстычных зносінах з Канстанцінопальскім патрыярхатам.
Таксама БПЦ мае намер «растлумачыць кліру і парафіянам Мінскай епархіі немагчымасць саслужэння з духавенствам «названай некананічнай структуры і ўдзелу ў здзяйсняных ёю «таінствах».
Акрамя таго, БПЦ выказала «шчырую сыноўнюю падзяку свяцейшаму патрыярху Маскоўскаму і ўсёй Русі Кірылу», «брацкую падтрымку Блажэннаму мітрапаліту Кіеўскаму і ўсёй Украіны Ануфрыю».