Кіраўнік «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка быў шакаваны, калі даведаўся, што бібліятэкі трох абласцей краіны адмовіліся прыняць у падарунак кнігі Святланы Алексіевіч.

Выданне пяцітомніка «Галасы ўтопіі» на беларускай мове — самы паспяховы праект у гісторыі краудфандынга ў Беларусі. Падчас кампаніі было сабрана 110 тысяч у эквіваленце. «Белгазпрамбанк» замовіў 15 000 асобнікаў кніг Святланы Алексіевіч для бясплатнай перадачы ў абласныя і раённыя бібліятэкі па ўсёй краіне, піша «Салідарнасць».

Першымі атрымалі падарункі бібліятэкі Віцебска і Віцебскай вобласці, а таксама Мінска і Мінскай вобласці.

Гродна і Брэст у адказ на прапанову банка паведамілі, што не маюць патрэбы ў кнігах Алексіевіч.

«Салідарнасць» стэлефанавалася з кіраўніцтвам бібліятэк і задала простае пытанне: чаму яны адмаўляюцца ад кніг нобелеўскага лаўрэата.

Адказы здзівілі. Некаторыя кіраўнікі спасылаліся на тое, што не прымаюць такія рашэнні самастойна, і ківалі на вышэйшае начальства — ідэолагаў. Тыя, у сваю чаргу, не змаглі даць выразны адказ, паколькі «не даюць каментары па тэлефоне» або не валодаюць сітуацыяй.

Кіраўніцтва Белгазпрамбанка да гэтага часу не каментавала вынікі кампаніі #NobelNaMove. 20 снежня падчас прэс-канферэнцыі на пляцоўцы ulej.by Віктар Бабарыка прызнаўся, што быў шакаваны, калі даведаўся, што бібліятэкам трох абласцей краіны (Гродзенскай, Брэсцкай і Магілёўскай), кнігі Святланы Алексіевіч не патрэбныя, таму што ў іх іх дастаткова.

Віктар Бабарыка.

Віктар Бабарыка.

— Мы даведаліся, што нуль для беларускіх чыноўнікаў — гэта дастаткова. Я ніколі не думаў, што падарунак можа быць не патрэбны. Хоць бы з ветлівасці людзі звычайна бяруць і кудысьці хаваюць надоўга… Мы былі рэальна ў шоку. Чаму не трэба — задаваць пытанні няма каму і няправільна.

Паводле яго слоў, «Белгазпрамбанк» ўспрыняў гэтую сітуацыю як выклік. У выніку было прынята рашэнне праверыць, можа быць, у Беларусі ёсць людзі, якім нічога не трэба. У адказ банк запусціў краўдкампанію па распаўсюду кніг сярод бібліятэк трох абласцей, «кіраўніцтва якіх лічыць, што нуль — гэта дастаткова».

— На сайце lib.artbelarus.by любы прадстаўнік бібліятэкі гэтых абласцей можа замовіць тую колькасць камплектаў, якую ён лічыць патрэбным для сваёй бібліятэкі, — распавёў Віктар Бабарыка. — Чытачы гэтых бібліятэк таксама могуць прапанаваць зрабіць заказ іх супрацоўнікам.

На думку Бабарыкі, гэтая кампанія пакажа, ці патрэбныя людзям кнігі Алексіевіч. Магчыма, лічыць ён, мы ўбачым тое, што часта назіраем: разрыў паміж жаданнем людзей і разуменнем гэтых жаданняў уладай, якая чамусьці лічыць, што кнігі нобелеўскага лаўрэата, выдадзеныя на роднай мове, не патрэбныя бібліятэкам Беларусі.

- У нас засталося крыху больш за 600 камплектаў. Атрымаецца — добра. Не атрымаецца — у любым выпадку мы знойдзем ім прымяненне, — дадаў банкір, удакладніўшы, што замовіць кнігі могуць толькі супрацоўнікі бібліятэк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?