Вечарам 19 снежня паступіла паведамленне аб спрацоўванні трывожнай кнопкі ў адным з гандлёвых павільёнаў у раёне чыгуначнага вакзала Оршы, паведамляе віцебская міліцыя.
Міліцыянты, якія прыехалі на месца здарэння, затрымалі беспрацоўнага жыхара вёскі Старыя Чамаданы, які аскепкам разбітай шкляной бутэлькі пагражаў прадаўцам крамы.
Заезд у вёску Старыя Чамаданы Шклоўскага раёна. Фота postalovsky-a.livejournal.com
Высветлілася, што каля 11 гадзін вечара мужчына ўвайшоў у памяшканне гандлёвага аб'екта і ўзяў з прылаўка бутэльку піва. Тут жа ён адкрыў яе і зрабіў некалькі глыткоў.
У адказ на заўвагі прадаўцоў, ён разбіў бутэльку аб вітрыну і стаў патрабаваць грошы. Адна з работніц павільёна націснула трывожную кнопку.
На жыхара Старых Чамаданаў завялі крымінальную справу за асабліва злоснае хуліганства. Яму пагражае да 10 гадоў зняволення.





