Андрэй Горват, фота Сяргея Гудзіліна

Новая кніга Андрэя Горвата «Прэм’ера» прадаецца з 21 снежня. Пра яе выхад чытачы даведаліся толькі ў кнігарні, піша Радыё Свабода.

«Прэмʼера» выйшла ціха, без рэкламы і абвестак у сацыяльных сетках. Але ўжо ў першы дзень продажу яе заўважылі чытачы.

Першая кніга Горвата «Радзіва Прудок» выйшла ў 2016 годзе на піку папулярнасці Андруся Горвата ў сацсетках. Яе аснову склалі допісы Горвата ў фэйсбуку. Праводзіліся прэзентацыі і шматлюдныя аўтограф-сесіі.

Пасля гучнага поспеху кнігі Горват выдаліў свой акаўнт у фэйсбуку. Дагэтуль ён не з'явіўся ў сацсетках, прынамсі адкрыта.

«Прэм’ера» прадаецца толькі ў двух месцах у Менску: у касе Купалаўскага тэатра і ў «Акадэмкнізе». Ці будзе прэзентацыя кнігі, Горват ня кажа.

Андрусь стаў Андрэем

Аўтар «Прэм’еры» падпісаны як Андрэй Горват. На дэбютнай кнізе аўтар быў пазначаны Андрусём.

«Дзядзька Горват, Андрусік Іванавіч, Андрушачка — гэта ўсё з Facebook расце. Гэта не столькі я ўтвараў гэты вобраз, колькі сама аўдыторыя… Як бы я ні мяняў імёны, усё роўна застаюся Горватам. Ёсць нейкая база, ад якой я не адмаўляюся і якая аб’ядноўвае ўсе шызафрэнічныя бакі маёй асобы. Корань адзін. Астатняе — спробы змяніць вобраз персанажа, бо мне ў ім станавілася цесна», — казаў раней Горват у інтэрв'ю Свабодзе.

Наклад «Прэмʼеры» — 1000 асобнікаў. «Радзіва Прудок» стартавала больш сціпла, але пасля некалькіх перавыданняў наклад перавысіў 7000 асобнікаў.

Абедзве кнігі выйшлі ў выдавецтве «Медысонт».

Ад каментароў наконт выхаду кнігі Андрэй Горват адмовіўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?