kremlin.ru
Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па ўсіх пытаннях, Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін дамовіліся аб новай сустрэчы да Новага года. Пра гэта БелТА заявіла прэс-сакратар кіраўніка беларускай дзяржавы Наталля Эйсмант.
«Мінулыя перамовы, безумоўна, мы можам назваць канструктыўнымі. Прэзідэнты абмеркавалі ўвесь спектр пытанняў нашага агульнага парадку дня. Ацэньваючы ў цэлым гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, у першую чаргу як адназначна пазітыўны момант быў адзначаны рост тавараабароту. Сярод іншых найбольш актуальных тэм, якія абмяркоўваліся сёння, былі і цэнаўтварэнне на газ, праца беларускага нафтаперапрацоўчага сектара ва ўмовах падатковага манеўру, пастаўкі нашых прадуктаў харчавання на расійскі рынак. Як вынік— пазіцыі збліжаныя па ўсіх пытаннях», — заявіла прэс-сакратар.
Акрамя таго, прэзідэнты, асабліва падчас сустрэчы сам-насам, падвергнулі сур'ёзнаму аналізу дамоўленасці ў рамках Саюзнай дзяржавы, іх рэалізацыю.
«Было адзначана адставанне па некаторых пазіцыях і абазначаны намер дадзеныя працэсы актывізаваць (гэта тычыцца, напрыклад, правядзення адзінай узгодненай прамысловай палітыкі і гэтак далей)», — адзначыла Наталля Эйсмант.
«У выніку кіраўнікі дзяржаў дамовіліся да Новага года правесці яшчэ адну сустрэчу для прыняцця рашэнняў, якія не церпяць адкладання. У першую чаргу гэта звязана з жаданнем прэзідэнта Расіі больш паглыбіцца ў сутнасць праблем, каб знайсці шляхі іх рашэння. Дата дадзенай сустрэчы будзе ўзгоднена дадаткова з улікам графікаў кіраўнікоў дзяржаў», — дадала прэс-сакратар.





