У 2010 годзе Аляксандр Атрошчанкаў быў прэс-сакратаром кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. Пасля Плошчы быў прысуджаны да 4 гадоў зняволення, але памілаваны ў верасні 2011. Цяпер жыве ў Варшаве.

Атрошчанкаў пакінуў цікавыя ўспаміны аб выбарчай кампаніі 2010 года на сайце reform.by. Варта адзначыць, што Атрошчанкаў адышоў ад асяродку «Еўрапейскай Беларусі» і «Хартыі-97».

Аляксандр Атрошчанкаў пасля вызвалення. Верасень, 2011. Фота Сяргея Гудзіліна.

Аляксандр Атрошчанкаў пасля вызвалення. Верасень, 2011. Фота Сяргея Гудзіліна.

За забойствам Бябеніна стаіць Масква

Атрошчанка, мабыць, адным з першых адкрыта заявіў, што за смерцю каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» магла стаяць Масква.

«Не выглядае выпадковым, што адным з лідараў той кампаніі стала каманда найбольш радыкальна настроенага кандыдата [Саннікава], матываваная балючай асабістай стратай. Можна сказаць, што асабіста я і, напэўна, многія іншыя члены нашай каманды знаходзіліся ў змененым псіхічным стане, блізкім да эфекту берсерка. Мы лічылі беларускія ўлады вінаватымі ў гібелі Алега Бябеніна і хацелі нанесці ім максімальны ўдар. Што ў вядомай меры ўдалося, але не прынесла радасці ніводнаму з бакоў.

Сёння я практычна ўпэўнены, што за смерцю Алега стаіць Масква.

Бо з тых часоў адбыліся падзеі ў іншых краінах, у прыватнасці ва Украіне, якія паказалі, што Расея ахвотна звяртаецца да забойстваў вядомых журналістаў для нагнятання псіхозу як у цэлым грамадстве, так і ў свядомасці асобных сацыяльных і палітычных груп», — адзначае Атрошчанкаў.

Алег Бябенін быў знойдзены павешаным у пачатку верасня 2010 года. Да гэтага моманту няясна, ці гэта было забойства, ці суіцыд.

Бандарэнка сабатаваў працу штаба Саннікава

Атрошчанкаў ні разу не пакрытыкаваў Саннікава, затое ладная порцыя крытыкі дасталося правай руцэ былога кандыдата Змітру Бандарэнку. У матэрыяле гаворыцца, што Бандарэнка ўносіў разлад у працу штаба, а таксама займаўся адкрытым сабатажам.

«Ён рэгулярна адвольна і без заўважных прычын перакройваў графік сустрэч і паездак кандыдата, з вялікай цяжкасцю складзены і ўзгоднены з партнёрамі, журналістамі і рэгіянальнымі актывістамі. Гэта прыводзіла да шматлікіх накладак, зрываў дамоўленасцей, некалькі сустрэч з выбаршчыкамі ў рэгіёнах не былі анансаваныя ў СМІ. Нярэдка адбываліся неабгрунтаваныя і абразлівыя наезды на членаў каманды, асабліва прадстаўнікоў рэгіёнаў.

Ён мог без бачных прычын накрычаць на чалавека і заявіць, што той звольнены, не маючы на ​​тое ні правоў, ні паўнамоцтваў. Сталым аб'ектам абразлівых нападак быў рэгіянальны лідар Зміцер Бародка.

У частку канфліктаў умешваўся Андрэй Саннікаў і ўлагоджваў іх, але ясна, што такія дзеянні не спрыялі ні эфектыўнасці працы каманды, ні маральнаму клімату», — адзначае Атрошчанкаў.

«Адзін з штрыхоў да партрэта — за пару месяцаў да «выбараў» на штаб выйшла група людзей з рэкламнага бізнэсу, каб дапамагчы і павысіць эфектыўнасць кампаніі кандыдата. Сустрэчу з імі Зміцер Бандарэнка пачаў з абразлівага спічу ў стылі «Пакуль мы па турмах сядзелі, вы баблішка зараблялі, а цяпер задумалі нас жыцця вучыць». Натуральна, нічога добрага з гэтай сустрэчы не выйшла», — адзначае аўтар.

Цікавы момант, што Бандарэнка да апошняга адцягваў момант здачы ў нумар «Советской Белоруссіі» праграмы кандыдата Саннікава. Толькі за 15 хвілін да дэдлайну ён аддаў тэкст, які рэдагаваў. Неверагоднымі намаганнямі Уладзімір Кобец, кіраўнік штаба Саннікава, паспеў завезці праграму ў друкарню.

«Я спісваў тое, што адбываецца, на глупства і самадурства, але цяпер разумею, што гэта быў менавіта сістэмны сабатаж. У мяне няма дэталёвай інфармацыі, але я ведаю, што падобныя рэчы адбываліся і ў іншых штабах», — адзначае Атрошчанкаў.

Сучасную «Хартыю» называе памыйкай

Аляксандр вельмі скептычна ставіцца да таго, што адбываецца сёння ў межах былой каманды. «У гэтую ж канву цалкам укладваецца тое, што далей адбывалася з нашай камандай: канчатковы развал «Еўрапейскай Беларусі», зліў ва ўнітаз фантастычнага лабісцкага патэнцыялу і практычна бязмежнага міжнароднага крэдыту даверу Андрэю Саньнікаву і Наталлі Радзінай, рэйдарскі захоп сайта charter97.org і ператварэнне яго ў інфапамыйку і агрэгатар рэкламных грошай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?