Чытачы «Нашай Нівы» перад навагоднімі святамі звярнулі ўвагу на недарагія віны, якія з'явіліся ў «Еўраопце»: Кабернэ Савіньён і Мерло пад невядомай абгорткай «Chateaux de brua». 

У чытачоў узніклі пытанні да дзіўнага аксюмарана — на абгортцы паведамлялася, што Каберне і Мерло зробленыя з Муската!

Як вядома, што Кабернэ-Савіньён, што Мерло — гэта самастойныя сарты вінаграду, з якіх і робяцца аднайменныя віны. З Мускатам гісторыя тая ж самая — з яго робяцца мускатныя віны, але ніяк не Мерло і Кабернэ.

Вытворцам віна на абгортцы значыцца малдаўская кампанія «Doina Vin», на іх сайце адсутнічаюць хоць якія згадкі пра «Chateaux de brua». 

«Наша Ніва» паспрабавала высветліць, што ж за віны прапануюцца беларусам. 

У малдаўскай кампаніі адказалі, што, найхутчэй, гаворка ідзе насамрэч пра іх віно. А такі брэнд не прадстаўлены на іх сайце, бо яны пастаўляюць толькі, уласна, напой. 

«Прыватная кампанія «Еўрагандаль» замаўляе віно, назву яны таксама прыдумалі самі. Мы пастаўляем для іх чатыры віны: Кабернэ-Савіньён, Мускат, Шарданэ і Мерло. Можна меркаваць, што яны зрабілі абдрукоўку і ў выніку ўсё пераблыталі. На фабрыцы, на жаль, ніхто не праверыў гэтыя абгорткі», — адказалі ў малдаўскай кампаніі. 

У «Еўраопце» прызнаюць сваю памылку. «Выправім абгорткі, каб у беларусаў не было сумневаў у тым, што яны п'юць», — кажа прэс-сакратар «Еўрагандля» Ягор Хрусталёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?