У гомельскім аэрапорце пры дазапраўцы грузавога самалёта загінулі 87 коз. Жывёлаў перавозілі ў Казахстан з Эўропы, паведамляе «Радыё Свабода».

Усяго ў грузавым самалёце было 300 коз. Перавозіла іх беларуская авіякампанія «РубіСтар».

«Козы былі разьмешчаныя ў драўляных клетках у два паверхі. Пры пасадцы самалёта для дазапраўкі драўляныя канструкцыі ня вытрымалі. Козы, якія былі на другім паверсе, падушылі тых, якія былі ніжэй», — паведаміла Свабодзе інфармаваная крыніца.

87 коз загінулі, паводле вэтэрынарных нормаў іх спалілі. Жывых, у тым ліку і пакалечаных, павезьлі ў Казахстан аўтамабільным транспартам.

Памочнік генэральнага дырэктара кампаніі «Белаэранавігацыя» Алег Казючыц пацьвердзіў Свабодзе, што інцыдэнт з козамі сапраўды быў.

«Штосьці было. Наколькі я ведаю, перавозчык нетрывала замацаваў клеткі, і яны ўпалі пры пасадцы. Магчыма, перавозчык памыліўся, магчыма, тыя людзі, што замацоўвалі, вінаватыя. Дакладна колькі коз загінула, ня ведаю, не магу назваць дакладную колькасьць. Але інцыдэнт быў. Так здарылася, што паробіш… Жывёлаў шкада, канечне. Але ня трэба казытаць нэрвы людзям, лішні раз бударажыць… Ну так, адбылося…»

Дырэктар аэрапорту «Гомель» Павал Навасёлаў сказаў Свабодзе, што гомельскі аэрапорт да інцыдэнту дачыненьня ня мае. І параіў зьвярнуцца ў авіякампанію «РубіСтар».

«РубіСтар зьяўляецца перавозчыкам, яны выконвалі гэты рэйс. Няхай яны даюць інфармацыю», — сказаў Навасёлаў.

Ва ўнітарным прадпрыемстве «РубіСтар» здарэньнем з козамі займаўся эканаміст Аляксандар Марозька, гэта пацьвердзілі супрацоўнікі бухгальтэрыі. Аднак ён адмовіўся распавесьці падрабязнасьці, параіўшы Свабодзе зьвярнуцца з афіцыйным пісьмовым запытам да кіраўніцтва ўнітарнага прадпрыемства «РубіСтар».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру