Македонскія парламентарыі адобрылі ўнясенне паправак у Канстытуцыю, якімі прадугледжана змяненне назвы краіны з Рэспублікі Македонія на Рэспубліку Паўночная Македонія. Папраўкі падтрымаў 81 дэпутат ці дзве траціны ад агульнай колькасці парламентарыяў.

Папраўкі прадугледжваюць змяненне назвы краіны на «Паўночную Македонію», а таксама замацоўваюць адсутнасць прэтэнзій да суверэнітэту і тэрыторыі суседніх дзяржаў, прадугледжваюць захаванне ідэнтычнасці македонскага народа і абавязкі дзяржавы па падтрымцы дыяспары.

Адпаведныя змены былі зацверджаны ў пагадненні з Грэцыяй, што адкрывае перад краінай шлях у НАТА і ЕС. У прыватнасці, у НАТА мяркуюць, што паўнавартаснае сяброўства ў Альянсе Паўночная Македонія можа атрымаць ужо вясной гэтага года.

Сітуацыя вакол назвы гэтай былой югаслаўскай рэспублікі перашкаджала збліжэнню Македоніі з Еўрасаюзам і НАТА, паколькі супраць назвы Рэспубліка Македонія выступала Грэцыя, адна з абласцей якой таксама называецца Македоніяй. Пасля распаду Сацыялістычнай Федэратыўнай Рэспублікі Югаславія Македонія была прынята ў ААН пад назвай Былая югаслаўская рэспубліка Македонія, а на грэчаскіх картах яна называлася Скопія — па назве сталіцы краіны Скоп'е.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0