11 студзеня ў Брэсце абвясцілі прысуд 23-гадоваму жыхару горада, які абвінавачваўся ў крадзяжы, замаху на крадзеж з выкарыстаннем камп'ютарнай тэхнікі і ўхіленні ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі, піша Tut.by.

Злачынства малады чалавек здзейсніў восенню. 8 верасня ён з сябрамі адпачываў на абласных Дажынках у горадзе Высокае Камянецкага раёна. Пасля свята яго знаёмая, якая вучыцца ў медкаледжы, падышла да аўтамабіля брыгады хуткай і папрасіла «падкінуць» іх да Брэста. Медыкі пасля дзяжурства якраз рыхтаваліся выехаць у абласны цэнтр, таму пагадзіліся ўзяць пасажыраў.

Па дарозе ў аднаго з дактароў хуткай выпаў з сумкі кашалёк. Абвінавачаны яго падабраў і схаваў. Аўтамабіль хуткай прыехаў на падстанцыю. Там пасажыр выйшаў, выцягнуў медыцынскі чамадан з іншай хуткай і сышоў святкаваць далей. У той жа дзень уначы ён спрабаваў расплаціцца карткай урача ў начным клубе, але не ведаў пін-кода, таму транзакцыя не прайшла.

У дачыненні да маладога чалавека распачалі крымінальную справу. Раней ён быў судзімы за «п'яную язду» і крадзеж з выкарыстаннем камп'ютарнай тэхнікі, але не накіроўваўся ў месцы пазбаўлення волі. Прызначаны пакаранне ён не адбыў.

«11 студзеня суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў маладога чалавека вінаватым у крадзяжы, замаху на крадзеж з выкарыстаннем камп'ютарнай тэхнікі і ўхіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі», - паведаміла старшы памочнік пракурора Брэста Марыя Бялт.

З улікам неадбытага пакарання абвінавачанаму прызначылі 2 гады і 3 месяцы пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і пазбавілі правоў на 3 гады, 5 месяцаў і 24 дні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0