12 студзеня адбыўся Сойм Партыі БНФ, па выніках якога была прынятая заява.

Партыя БНФ канстатуе, што пакуль існуе «саюзная дзяржава» — існуе пагроза аншлюсу, ліквідацыі беларускай дзяржавы і яе інкарпарацыі ў склад Расіі. 

Разам з тым Рэспубліка Беларусь ёсьць формай існаваньня беларускай нацыі — і толькі як беларуская нацыянальная дзяржава яна мае сэнс для існаваньня і можа прэтэндаваць на устойлівасьць. Дзяржаўныя інстытуты будуць сапраўды моцныя толькі тады, калі будуць абапірацца на беларускае грамадзтва, беларускі бізнэс, беларускае сялянства, беларускае войска, беларускія СМІ, беларускую царкву, на пачуцьцё нашай агульнай ідэнтычнасьці як беларусаў і пачуцьцё нашай супольнай адказнасьці за лёс нашай краіны і будучых пакаленьняў беларусаў.

У гэтай сыстэме дзяржаваўтваральных падмуркаў найважнейшым элемэнтам зьяўляецца беларуская мова. Выбар на карысьць беларускай мовы — гэта выбар на карысьць нацыянальнай дзяржавы і, у рэшце рэшт, адзіна магчымы выбар для сапраўднага беларускага патрыёта.

Пакуль значная частка беларусаў не карыстаецца беларускай мовай, глядзіць расейскія тэлеканалы, жыве ў расейскай моўнай прасторы — заўжды будзе небясьпека таго, што сюды прыйдуць расейскія танкі «бараніць рускамоўных». Нездарма ж расейскія шавіністы кажуць што «русский мир» — гэта ўся прастора панаваньня расейскай мовы.

Прымаючы пад увагу актывізацыю антыбеларускіх выступаў і інфармацыйных атак супраць Беларусі і беларусаў, мы абвяшчаем 2019 год годам беларускай мовы і заклікаем да наступных крокаў па ўмацаваньні беларускай мовы:

- Заклікаем усіх жыхароў Беларусі вывучаць і ўдасканальваць ступень валоданьня беларускай мовай, заклікаем карыстацца беларускай мовай ва ўсіх жыцьцёвых выпадках, ініцыяваць стварэньне беларускамоўных групаў і плыняў у навучальных установах розных узроўняў;

- Заклікаем усіх беларусаў падчас перапісу насельніцтва, які прызначаны на кастрычнік 2019 года, пазначаць беларускую мову ў якасьці роднай мовы і мовы штодзённага ўжытку дома;

 — Заклікаем беларускі бізнэс, усіх вытворцаў тавараў і паслугаў, карыстацца беларускай мовай у рэклямных кампаніях, у аздабленьні тавараў, у камунікацыі з пакупнікамі і карыстальнікамі;

— Патрабуем ад уладаў Беларусі абмежаваць трансляцыю расейскіх тэлеканалаў, якія распальваюць міжнацыянальную варажнечу і па-сутнасьці ёсьць сродкамі вядзеньня інфармацыйнай вайны супраць нашай краіны, замяніўшы іх праграмамі ўласнай вытворчасьці альбо збалансаваным наборам замежных тэлепраграмаў з розных іншых краінаў;

— Патрабуем ад уладаў Беларусі прыняцьця актаў заканадаўства на беларускай мове;

— Заклікаем улады Беларусі пашыраць выкарыстаньне беларускай мовы ў сыстэме адукацыі, у тым ліку стварыўшы вышэйшыя навучальныя установы з выкладаньнем на беларускай мове і прыняўшы на заканадаўчым узроўні дзяржаўную праграму развіцьця і падтрымкі беларускамоўнага навучаньня з павелічэньнем дзяржаўнага фінансаваньня праграмаў па развіцьці беларускай культуры, адукацыі і мовы з выдзяленьнем сродкаў на конкурснай аснове недзяржаўным ініцыятывам і арганізацыям грамадзянскай супольнасьці, гаворыцца ў заяве

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0