Лешэк Шарэпка

Колішні пасол Польшчы ў Менску Лешэк Шарэпка пракаментаваў на сваёй старонцы ў фэйсбуку беларуска-расейскія спрэчкі, выкліканыя падатковым манеўрам і прапановай Дзмітрыя Мядзведзева наконт больш шчыльнай інтэграцыі Мінска і Масквы або пераходу паміж дзяржавамі на рынкавыя ўмовы, піша Радыё Свабода.

​«У СМІ цяпер усё больш спэкуляцыяў наконт будучыні Беларусі. Журналісты шукаюць адказ на пытаньне, ці Пуцін зьесьць яе на першае, ці на другое, — піша дыплямат. — Некаторыя пачынаюць глядзець на прэзыдэнта Лукашэнку як на адзінага гаранта беларускай незалежнасьці. Напэўна, і таварыш Лукашэнка любіць цяпер надзяваць такую маску, але гэта памылковае ўяўленьне. Аляксандар Лукашэнка зьбірае цяпер плён уласнай доўгатэрміновай палітыкі. І калі нехта і заслужыў званьне магільшчыка беларускай незалежнасьці і сувэрэнітэту, то гэта менавіта ён. Пуцін можа цяпер толькі выкарыстаць нагоду, якую стварыў беларускі дыктатар».

Празь некалькі дзён Лешэк Шэрэпка працягнуў свае разважаньні адказам на пытаньне, што ў такой сытуацыі рабіць.

«Дастаткова ўзяць прыклад з армянскага народу (іншая справа, ці здольныя на гэта беларусы?), які мірна нагадаў уладзе, хто ёсьць сувэрэнам у дзяржаве. Такое разьвіцьцё сытуацыі дапамагло б таксама Ўкраіне, а беларусам дазволіла б змагацца за справядлівыя ўмовы супрацы з Масквою. Нельга ні ў якім разе пакідаць гэтыя пытаньні Лукашэнку, да якога няма абсалютна ніякага даверу».

Увесну 2018-га сотні тысяч армян выйшлі на вуліцы, і Армэнія разьвіталася з 10-гадовым прэзыдэнцтвам Сэржа Саргсьяна. Пратэсты ўзначаліў Нікол Пашыньян. На выбарах у сьнежні летась ягоная партыя атрымала 70% месцаў у армянскім парлямэнце.

Лешэк Шэрэпка працаваў амбасадарам у Менску ў 2011—2015 гг. У крызісны час беларускія ўлады «папрасілі» яго пакінуць Беларусь. Шэрэпка вымушаны быў зьехаць з краіны разам з Майрай Морай — кіраўніцай прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі. Пасьля таго як сытуацыя паспакайнела, амбасадар вярнуўся ў Беларусь.

Клас
1
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
1
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру