3 жніўня на аэрадроме «Баравая» адбудзецца дванаццаты музычны фэст «Рок за Баброў». На сённяшні дзень гэта самы масавы білетны фестываль Беларусі і адзін з найлепшых фестываляў СНД.

У 2018-м фестываль сабраў ля сцэны 45000 чалавек. Гэта абсалютны рэкорд наведвальнасці для нашай краіны.

Адным з галоўных крытэраў такога поспеху з'яўляецца давер гледачоў да фэсту. Нават без абвяшчэння хэдлайнераў, людзі ахвотна купляюць квіткі. Напрыклад, на мінулы «Рок за Баброў» на старце продажаў было набыта больш за 2000 квіткоў.

Упершыню фестываль «Рок за Баброў» прайшоў у 2005 годзе ў Бабруйску, а яго хэдлайнерам стаў гурт «Бі-2». Наступныя два гады open-air таксама праводзіўся ў родным горадзе піва «Баброў», а пасля «пераехаў» пад Мінск.

За сваю гісторыю фестывальная сцэна «Рок за Баброў» бачыла больш за 100 выканаўцаў, сярод якіх: «Мумій Троль», «Акіян Эльзы», Sunrise Avenue, «Начныя снайперы», «Парк Горкага», «ДДТ», «Сплін», «ЛСП», «Ляпіс 98», «Каста», «Брава», Noize MC, 5'Nizza і іншыя.

Што чакае гледачоў сёлета?

Працягласць фестывалю павялічыцца да 12 гадзін.

У ім возьме ўдзел 12 калектываў, як заўсёды гэты будуць найлепшыя і самыя актуальныя зоркі рок- і хіп-хоп сцэны.

Фестываль запрашае не толькі замежныя калектывы, але і дае магчымасць выступіць маладым ды перспектыўным камандам. Умовы ўдзелу для айчынных гуртоў яшчэ будуць абвешчаныя.

«У нас няма мэты вырасці ў колькасці гледачоў, наша галоўная задача - праца з якасцю сэрвісу на фестывалі. Нам важна захаваць давер гледачоў да «Рок за Баброў», і штогод мы стараемся зрабіць яшчэ лепш. У 2018 годзе фестываль разгарнуўся на 150 000 кв.м, а у 2019 годзе плошча мерапрыемства яшчэ будзе павялічана. Адпаведна, павялічыцца колькасць актыўнасцяў і абслугоўваючага персаналу.

На фудкорт плануецца паставіць больш за 120 пунктаў харчавання. Дадаткова будуць адчыненыя пункты продажаў толькі пітной вады і ахаладжальных напояў»,

— распавяла Святлана Валкавец, дырэктар па маркетынгу кампаніі «Бабруйскі бровар».

Продажаў квіткоў стартаваў 17 снежня. Гэта самая нізкая цана на «Рок за Баброў»: усяго 19, 99 рублёў! Квіткі можна набыць анлайн.

«Мы сябруем з прамоўтарамі найлепшых еўрапейскіх фестываляў — кажа арганізатар фестывалю Аляксандр Касач. — Мы пастаянна пераймаем іх досвед, выкарыстоўваем іх «фішкі». Мы стартуем па самай нізкай цане, не абвяшчаючы імёны артыстаў.

Мы ўпэўненыя, што глядач давярае нашаму фестывалю — людзі ідуць на яго не за імёнамі, а за настроем і адносінамі. Але мы ў любым выпадку абяцаем вялікую колькасць зорак першага эшалона».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0