Артыкул дэпутата Ігара Марзалюка пра паўстанне 1863 года ў «Настаўніцкай газеце» адносіцца да падзей, што істотна ўплываюць не толькі на біяграфію, але і на рэпутацыю. Відавочна, што не на рэпутацыю Каліноўскага, але на рэпутацыю таго, хто спрабуе прыбраць асобу з беларускага пантэону і азначыць яго як «польскага нацыяналіста». То пакідаць гэтае выказванне без адказу не ўяўляецца магчымым.

Мне складана сабе ўявіць дзяржаўнага службоўца ў Расіі, які б пачаў публічна, у дзяржаўных медыя, даводзіць, што Пётр Вялікі, які ёсць адным з падмуркаў сучаснага рускага гонару, не здабыў «веліч новай Расіі», не «прарубіў акно ў Еўропу», а быў крывавым самадурам, які разам са сваім атачэннем у 1705 годзе закатаваў 5 манахаў-базыльянаў у Полацку. Нягледзячы на тое, што такое бачанне Пятра Вялікага прымальнае ў беларускім нацыянальным руху, ухваляецца ў Польшчы і Украіне, апісанне сцэны, падчас якой Пётр выходзіць з царквы і пачынае выціраць акрываўленыя рукі аб траву, каштавала б кар’еры любому шукальніку «гістарычнай праўды» суседняй дзяржавы. Таму што ёсць постаці, якія можна дэнансаваць, і постаці, кранаць якія — сабе ж на згубу.

Сучасная Беларусь — прастора, дзе трыумфуе ананімнасць. Дзе праспекты пераймяноўваюцца ў гонар пераможцаў, губляючы згадкі пра людзей, якія маглі б успрымацца героямі. Дзе помнікі ставяцца «каровам», «бабкам-Камароўкам» і «турыстам», але не Быкаву і не Караткевічу.

Добра было б, калі б тут проста забаранялі ўхваляць новых герояў. Тады можна было б дачакацца часу, калі гэтае баляванне ананімнасці сыдзе. Але тое, што мы бачым цяпер, — гэта спроба адмяніць, аддаць Польшчы ўжо існых, услаўленых, уведзеных у гарадскую тапаніміку і вялікую літаратуру герояў. Што такое Беларусь, як не міф пра паўстанне, падчас якога шляхта спрабавала дамагчыся незалежнасці для народа? Чаго тады вартая наша гісторыя? Ці будзем зыходзіць з таго, што ніякай Беларусі з яе гісторыяй не існуе і ніколі не існавала — як гэта думае групоўка, што пачала бэсціць Каліноўскага?

Бо што небяспечна? Допіс пра тое, што паўстанне 1863 года было не беларускім, з’явіўся ў «Настаўніцкай газеце» — выданні, якое чытаюць людзі, што вучаць беларускіх дзетак у школах. Калі хочаш карэктаваць масавую свядомасць — працуй з настаўнікамі, бо ў іхных руках — розум наступных генерацый.

А памятаеце, з чаго пачалася «паўстанцкая палеміка»? З фармулёўкі «польскае паўстанне пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага» ў падручніку па рускай літаратуры за 8 клас. Падручніку, рэцэнзентам якога медыі называюць актывістаў фонду «Рускі мір». Дык ці трэба тлумачыць, якую небяспеку вось проста цяпер нясуць такія падручнікі і такія падыходы? Генеалогія выразу «польскае паўстанне 1863 г.» дужа слізкая ў палітычным сэнсе — і дзіўна, што я гэта разумею, не з’яўляючыся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, а Міністэрства адукацыі (якое адказвае і за газету, і за падручнік) працягвае разгойдваць адзін са слупоў сучаснай беларускай самасці.

Ці трэба мне тлумачыць, што Кастусь Каліноўскі — не чалавек ці не толькі чалавек? Што найперш Каліноўскі — легенда, частка наратыву нашай ідэнтычнасці? Што, у адрозненне ад Ігара Марзалюка ці Ігара Карпенкі (нарадзіўся ў Кемераўскай вобласці, міністр адукацыі Беларусі з 2016 г.), біяграфія Каліноўскага складаецца з таго, што і як пра Каліноўскага кажа дзяржава? І ўшаноўваць памяць Каліноўскага менавіта як беларускага дзеяча пачалі задоўга да заснавання ордэна Кастуся Каліноўскага ўказам прэзідэнта ў 1996 годзе.

І так, абсалютна слушна піша Ігар Марзалюк пра тое, што Каліноўскага зрабіла беларускім героем у тым ліку кіраўніцтва савецкай Беларусі. Але вось тэза, якую я не разумею: «Гэта (…) было абгрунтавана палітычнымі прычынамі — Каліноўскі дзейнічаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая на той момант была акупіравана і ўваходзіла ў склад 2-й Рэчы Паспалітай. Ва ўмовах ідэалагічнага супрацьстаяння з панскай Польшчай быў неабходны менавіта такі герой — рэвалюцыйны беларус, вораг польскіх паноў і каталіцкага духавенства».

Аднак пік ушанавання прыпаў зусім не на часы Пілсудскага! Найбольш для стварэння міфа пра Каліноўскага было зроблена Кірылам Мазуравым, які санкцыянаваў маштабнае святкаванне стагоддзя паўстання. Вуліца Каліноўскага, напрыклад, з’явілася ў Мінску менавіта тады, у 1963-м. Якіх «палякаў» баяўся Мазураў? Якіх «паноў», якога «каталіцкага духавенства»?

Нагадаю, у 1963-м студыяй навукова-папулярных фільмаў была зробленая стужка «Кастусь Каліноўскі» (рэж. Пётр Шамшур). «ЛіМ» пра фільм пісаў як пра біяграфію «барацьбіта за свабоду беларускага (!) народа». Лыжныя паходы школьнікаў у гонар паўстання, юбілейныя мерапрыемствы ў Свіслацкім раёне, стварэнне музея на радзіме, выставы пра Каліноўскага ў Дзяржбібліятэцы БССР — вось няпоўны спіс таго, як ухвалялі «польскага нацыяналіста» ў позняй БССР.

Аўтарам фразы «польскае паўстанне 1863 г.» хочацца параіць пачытаць азначэнні Каліноўскага з першага нумара «Полымя» за 1963 год (на той момант рэдактар часопіса — Максім Танк.): «Не быў схільны працаваць для Польшчы», «баяўся зліцця з Польшчай, пры якім потым ад яе нельга было б адвязацца». У сталай БССР героіка Каліноўскага выбудоўвалася ў рэчышчы супрацьстаяння царызму.

Ён быў змагаром не з «рускім светам» (чаго баяцца абраныя фондам «Рускі мір» укладальнікі школьных падручнікаў). Ён быў ворагам самаўладдзя, змагаром за тутэйшых людзей. Чытайце «Каласы пад сярпом тваім», даражэнькія.

Што да праблемнай сутнасці пытання, то для мяне нацыянальнасць чалавека вызначаецца мовай. А мова чалавека — тая, на якой ён развітваецца з гэтым светам перад смерцю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?