Жыхарка вёскі Вольна Таццяна Балтрукевіч распавяла Intex-press, што ўвечары 13 студзеня яе малодшая сястра знайшла ў сябе ў гаспадарчай пабудове нечаканага госця — рысь.

— Адчыніла дзверы хлява і ледзь не нос у нос сутыкнулася са зверам. Сястра закрыла дзверы, і мы адразу ж патэлефанавалі ў МНС, бо не ведалі, куды ў такім выпадку звяртацца. Разам з ратавальнікамі прыехалі супрацоўнікі міліцыі, прадстаўнікі БТПР, міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету і іншыя. Але ўсё, што ўдалося тады зрабіць, — гэта толькі прагнаць звера.

Па словах Таццяны, рысь далёка не пайшла і раніцай 14 студзеня вярнулася ў гэты ж двор:

— У гэты раз мы звярнуліся па дапамогу да нашага ўчастковага і старшыні мясцовага сельвыканкама, якія і арганізавалі адлоў «госця».

Рысь паводзіла сябе спакойна, не праяўляла агрэсіі, і пазней яе перадалі ў ветэрынарную службу Баранавіцкага раёна, паведаміла Intex-press Наталля Ібрагімава, старшыня Вольнаўскага сельвыканкама. Зараз рысь знаходзіцца на каранціне.

— Ветслужба праверыць, ці здаровая жывёла, — патлумачыла Наталля Ібрагімава. — Калі высветліцца, што яна не хварэе на шаленства, будзе вырашацца далейшы лёс рысяняці. Звера альбо выпусцяць на прыроду, альбо перададуць у заапарк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0